СААЗ: Беларусь – адна з найбольш пацярпелых ад свінога грыпу краін
39- 13.11.2009, 16:47
Асноўную прычыну высокай смяротнасці дактары бачаць у несвоечасовым аказанні дапамогі хворым.
Як стала вядома газеце The New York Times, Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі ў тэрміновым парадку перакідвае супрацьгрыпозныя прэпараты ва Украіну, у Афганістан і іншыя краіны Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі.
Паведамляецца, што на сённяшні дзень больш за ўсіх пацярпелі Афганістан, Манголія, Беларусь, Украіна, Азербайджан і Кыргызстан. Ва Украіне колькасць ахвяр свінога грыпу пераваліла за сотню, адчуваецца недахоп апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ва Львове выраслі цэны на часнык і лімоны, а мясцовыя палітыкі выступалі з «супярэчлівай ці недакладнай інфармацыяй пра грып», сообщает NYT.
Асноўную прычыну высокай смяротнасці дактары бачаць у несвоечасовым аказанні спецыялізаванай дапамогі хворым: шмат каго можна было ўратаваць, калі б іх пачалі лячыць супрацьвіруснымі прэпаратамі раней. На ўсведамленне таго, што людзі паміраюць менавіта ад грыпу А H1N1, ва ўкраінскіх уладаў сыйшло каля двух тыдняў, піша The New York Times.
У сувязі з гэтым унесены змены ў рэкамендацыі СААЗ: зараз спецыялісты заклікаюць прымаць супрацьвірусныя прэпараты ў парадку прафілактыкі, то бок, не чакаючы пацвярджэння дыягназа.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, у Беларусі рэзка павялічыліся выпадкі захворвання на свіны грып. Пра гэта сведчыць таксама афіцыйная статыстыка Мінздрава. Так па стане на 12 лістапада ў Беларусі лабараторна зафіксавана 165 выпадкаў захворвання на вірус А (H1N1). Паводле афіцыйных дадзеных, усяго за 4 дні колькасць захварэлых на вірус А (H1N1) у Беларусі павялічылася на 63 чалавекі.
Лічба тых, хто захварэў, можа быць значна большай, бо вядома, што аналізы на наяўнасць віруса А/Н1N1 здаюць далёка не ўсе хворыя на пнеўманію. Лабараторыі былі негатовымі да такой колькасці зваротаў. Улічваючы звычайнае адрозненне такіх замераў ад рэальнай колькасці інфікаваных, можна выказаць здагадку, што ў сапраўднасці апошніх на парадак больш.
Нягледзячы на эпідэмію грыпу і смерці людзей, якія пачасціліся, у медыцынскіх установах Менска назіраюцца перабоі з забяспечанасцю вакцынамі нават ад сезоннага грыпу. Вакцыны ж ад свінога грыпу ў Беларусі дагэтуль няма. У Мінздароўя абяцаюць, што вакцына ад свінога грыпу будзе закупленая ў Расеі, аднак калі яна паступіць у краіну, невядома.

Гэта мапа інтэнсіўнасці свінога грыпу ў Еўропе. Высокая ступень - чырвоная, сярэдняя - жоўтая