ТВ-каналаў у Менску стала менш
20- 3.11.2009, 16:38
Напачатку лістапада нечакана для кліентаў «Космас-ТВ» адключыў ад вяшчання канал MTV-Беларусь.
Як піша «Интерфакс», замест MTV-Беларусь на частаце 24-й кнопкі з'явіўся загадкавы канал «Бульвар ТВ», які на сайце аператара анансаваны наступным чынам: «Тэлеканал «Бульвар ТВ» прапануе ўвазе тэлегледачоў ток-шоў расейскай і замежнай вытворчасці, навіны, расследаванні, хіт-парады, скандалы з жыцця знакамітасцей і многае іншае». Вось што можна сёння бачыць на 24-й кнопцы, замест папулярных кліпаў і забаўляльных перадач ад MTV: «Поўны фэшн з Сяргеем Зверавым», «Самыя выродлівыя» і «Голыя і смешныя».
У снежні гэтага года «Космас-ТВ» плануе перайсці на лічбавае вяшчанне, пра што ўвесь час папярэджвае ўсіх трымальнікаў аналагавых пакетаў. Паводле інфармацыі, змешчанай у выглядзе бягучага радка па ўсіх тэлеканалах, аналагавае тэлевяшчанне будзе спынена да 1 снежня. Аформіць заяўку на «лічбу», якая яго зменіць, можна па пазначаным тэлефоне. Аднак, як заўсёды ўзнікае шэраг супярэчнасцяў.
Ніякага жадання пераходзіць на лічбавае тэлевяшчанне ў большасці спажыўцоў паслуг «Космас-ТВ» няма. Безумоўна, вам вернуць адключаныя раней рэйтынгавыя каналы, але сума абаненцкай платы будзе ў два разы большая за ранейшую.