29 снежня 2024, Нядзеля, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наста Палажанка: «Для Лукашэнкі камуністычная ідэалогія – святое»

12

Арыштаваная 7 лістапада актывістка «Маладога Фронта» заяўляе, што беларускія ўлады баяцца грамадскага асуджэння камунізму.

Як ужо паведамлялася, 7 лістапада ў Менску былі затрыманыя лідэры арганізацыі «Малады Фронт» Мікола Дземідзенка і Наста Палажанка. Моладзевыя актывісты былі затрыманыя ў так званы дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які дагэтуль з’яўляецца дзяржаўным святам у Беларусі.

Мікалай Дземідзенка накіроўваўся да помніка Леніну на плошчы Незалежнасці, дзе збіраўся правесці адзіночную акцыю ў рамках абвешчанай «Маладым Фронтам» кампаніі «Камунізм — пад трыбунал». Недалёка ад плошчы ён быў затрыманы людзьмі ў цывільным.

Наста Палажанка была затрыманая пры выхадзе з пад’езда ўласнага дома. Яна збіралася ўзяць удзел у семінары з нарвежскімі партнёрамі «Маладога Фронта», які быў прысвечаны праблемам мясцовага самакіравання і мясцовых выбараў.

У інтэрв’ю сайту www.charter97.org лідэр «Маладога Фронта» Наста Палажанка распавяла, як яе затрымлівалі, і заявіла, што беларускія ўлады ўсталявалі «злачынную манаполію на гісторыю».

«Мяне затрымлівалі дастаткова прымітыўна, -- узгадвае Наста Палажанка. – У гэты дзень я збіралася пайсці на сустрэчу «Маладога Фронта». Удзельнічаць у антыкамуністычнай акцыі не планавала. Пры вахадзе з пад’езда да мяне падыйшлі тры чалавекі, загадалі прайсці з імі. Адразу пад’ехала машына, куды мяне і пасадзілі. Суседзі, якія назіралі за тым, што адбываецца, былі шакаваныя, што ў Беларусі сярод белага дня чалавека могуць папросту затрымаць каля пад’езда ўласнага дома. У пастарунку мяне распытвалі пра дзейнасць «Маладога Фронта». Я бачыла, што міліцыянты самі не ведаюць, што са мной рабіць . Яны чакалі загад зверху і прызнаваліся: «Вы ўж прабачце, у вас свая праца, у нас - свая». Кожныя дзве гадзіны ім тэлефанавалі «зверху» і давалі інструкцыі. У выніку пасля шасцігадзіннага затрымання мяне адпусцілі».

Наста Палажанка звязвае сваё затрыманне з боязью беларускіх уладаў пазбавіцца камуністычнага мінулага.

«Улады баяцца, што ў грамадсве саспее негатыўнае стаўленне да камуністычнага мінулага, -- заяўляе актывістка «Маладога Фронта». – Для беларускіх уладаў камуністычная ідэалогія – гэта святое. Гэта ўсё, на чым трымаецца рэжым Лукашэнкі. І ён робіць усё магчымае, каб не дапусціць грамадскага асуджэння камунізму. Улады ўпэўненыя, што яны маюць права на манаполію памяці і гісторыі. Прычым, права на злачынную манаполію. Моладзь жа хоча даказаць, што ў будучыні не будзе камунізму, што гэта ідэалогія будзе асуджана і пакарана. Таму беларускія ўлады баяцца пазбавіцца «слупа», на якім трымаецца ўся дзяржаўная машына. Лукашэнка корміць беларусаў хлуслівымі перамогамі. Ён штогод хваліць камуністычнае мінулае, нагадваючы пра перамогу ў Вялікай айчыннай вайне. А моладзь хоча сказаць, што, калі гэта перамога і была, яна не дала Беларусі свабоду. І камуністычнае мінулае, якое так песцяць беларускія ўлады, не дало нашай краіне ні палітычнай, ні маральнай свабоды дагэтуль».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках