24 снежня 2024, aўторак, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

16 снежня, 18.00, Кастрычніцкая плошча: «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!»

27

Калі зараз не адрэагаваць на бандыцкія выкраданні апазіцыянераў – злачынцы будуць упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.

З заклікам выйсці 16 снежня, у 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска звярнуліся да беларусаў моладзевыя лідэры, якія выкрадаліся па палітычных матывах у 2009 годзе – адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, лідэры «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка і актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Лемеш. Апазіцыянеры заклікаюць грамадзян Беларусі выказаць салідарнасць і не дапусціць працягу рэпрэсій з боку беларускіх уладаў. Пра гэта гаворыцца ў тэксце зварота, апублікаваным на сайце jeans-by.com.

Сябры!

16 чысла кожнага месяца, у Дзень Салідарнасці, мы праводзілі акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў, узгадвалі зніклых палітыкаў і ўсіх людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у нашай краіне. Гэта праблема застаецца актуальнай і зараз. У турмах па надуманых абвінавачваннях знаходзяцца Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Арцём Дубскі. Дагэтуль не праведзенае незалежнае расследванне знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага. Працягваюцца рэпрэсіі супраць актывістаў апазіцыі.

На жаль, мы бачым, што замест гэтак званай «лібералізацыі», рэжым перайшоў да больш нахабнага ціску на незалежнае грамадства. Бандыцкія выкраданні людзей, якія адбыліся апошнім часам – сведчанне таго, што спецслужбы Беларусі удасканальваюць і ўзмацняюць свае рэпрэсіі. Відавочна, што ў мэтах самазахавання беларускі рэжым не спыніцца ні перад чым.

Калі зараз не будзе адпаведнай рэакцыі праваахоўных органаў, праваабаронцаў, міжнароднай супольнасці і, у першую чаргу, беларускага грамадства, тыя, хто стаіць за выкраданнямі людзей, будуць упэўненымі ў сваёй беспакаранасці.

Сёння нам як ніколі неабходна праявіць цвёрдасць і рашучасць у адстойванні сваіх прынцыпаў! Еднасць у абароне людзей, якія змагаючыся за свабоду і справядлівасць, церпяць пераслед. Нам неабходная салідарнасць – тая адзіная сіла, якая можа спыніць беззаконне і злачынства на нашай зямлі!

Мы заклікаем усіх неабыякавых людзей выйсці 16 снежня ў 18.00 на Кастрычніцкую плошчу на традыцыйную акцыю салідарнасці пад лозунгамі: «Не – палітычным выкраданням» і «Выкрадальнікаў людзей – у Гаагу!».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках