5 траўня 2024, Нядзеля, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску выкралі лідэра «Маладога Фронту»

68
У Менску выкралі лідэра «Маладога Фронту»

Кіраўніка «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча схапілі невядомыя ў цывільным, калі ён адчыняў дзверы кватэры.

5 снежня Дашкевіч павінен быў прыняць удзел у прэзентацыі кааліцыі «Новае пакаленне», куды ўвайшлі «Малады Фронт» і шэраг іншых моладзевых арганізацыяў.

Некалькі гадзінаў сябры шукалі Змітра Дашкевіча ў аддзяленнях міліцыі, яго мабільны тэлефон быў адключаны. Праз пяць з паловай гадзінаў Дашкевіч патэлефанаваў з чужога тэлефона і сказаў, што знаходзіцца ў вёсцы Антонаўка Лагойскага раёна.

Ён папрасіў, каб сябры спачатку паехалі ў яго кватэру, таму што яна была адчыненай больш за 5 гадзінаў. У выніку высветлілася, што ў кватэры няма ноўтбука Дашкевіча.

Лідэр «Маладога Фронту» распавёў «Радыё Свабода», што невядомыя людзі, надзеўшы на яго дзве шапкі, спачатку везлі яго ў адным мінібусе, а затым па дарозе перасадзілі ў іншы.

Першыя дзве гадзіны невядомыя перагаворваліся. «Казалі нешта накшталт – колькі ты яшчэ будзеш хадзіць да маёй Марыны. Рабілі выгляд, што яны не міліцыянты, але я чуў, як у іх працавалі рацыі», - распавёў Дашкевіч.

У лесе невядомыя вывелі апазіцыянера з машыны. Калі аўтамабіль спыніўся, адзін з іх сказаў: «Пайду капаць». Каб скаваць моладзевага лідэра ў рухах, праз рукавы яго курткі працягнулі драўляны шост. Потым загадалі стаяць на месцы і лічыць да ста, а самі ўцяклі. Нейкі час Дашкевічу прыходзілася выбірацца з лесу. Выбраўшыся на дарогу, ён дайшоў да вёскі Антонаўка – гэта каля 70 кіламетраў ад Менска.

У апошні час у Беларусі пачасціліся падобныя напады на моладзевых лідэраў.

Увечары 27 лістапада актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Лемеш быў захоплены ў цэнтры Менска невядомымі і гвалтам вывезены за горад на аўтамабілі без нумарных знакаў.

Апазіцыянера затрымалі напярэдадні акцыі ў гонар угодкаў Слуцкага паўстання каля рэдакцыі газеты «Вячэрні Менск» на праспекце Незалежнасці два супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі прад'явіць дакументы. У яго адабралі пашпарт і мабільныя тэлефоны і запіхалі ў мікрааўтобус «Фольксваген» сіняга колеру з завешанымі вокнамі.

Лемеша вывезлі за горад, пасля чаго адпусцілі, прыгразіўшы, каб ён не займаўся палітычнай дзейнасцю.

Таксама 27 лістапада быў схоплены на вуліцы Убарэвіча супрацоўнікамі КДБ і міліцыі ў цывільным лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч. «Я выйшаў з дома, і з усіх кутоў паляцелі чэкісты. Я пачаў уцякаць, прабег метраў 500. Мяне збілі з ног і загрузілі ў мікрааўтобус, які пад'ехаў, надзелі кайданкі. Адзін быў супрацоўнікам міліцыі, чацвёра — КДБ», — сказаў Фінькевіч.

19 снежня 2008 года таго ж Фінькевіча схапілі невядомыя, нацягнулі на галаву шапку і зацягнулі ў аўтобус. Па дарозе актывіста ўвесь час збівалі. У выніку яго прывезлі ў горад Валожын Менскай вобласці і выкінулі з машыны.

25 сакавіка 2009 года напярэдадні акцыі ў Дзень Волі актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка і Дзяніс Карноў былі схопленыя ў Менску. Іх гвалтам закінулі ў машыну, адабралі мабільныя тэлефоны, нацягнулі на галовы шапкі і павезлі ў гарадзенскім накірунку. Насту высадзілі ў раёне вёскі Тарасава, Дзяніса Карнова адвезлі пад Дзяржынск. Па дарозе яму парэзалі нажом джынсы, а потым выкінулі з машыны.

Фота з архіва – АМАП збівае і арыштоўвае Змітра Дашкевіча на адной з акцыяў у Дзень Волі

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках