29 лiстапада 2026, Нядзеля, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША нацэліліся на «улюбёную падатковую лазейку» мільярдэраў

У ЗША нацэліліся на «улюбёную падатковую лазейку» мільярдэраў

Ёю карысталіся Ілон Маск і Джэнсэн Хуан.

Дэмакраты ў ЗША намераюцца закрыць улюбёную падатковую лазейку, якой карыстаюцца мільярдэры, у тым ліку заснавальнік SpaceX Ілон Маск і сузаснавальнік Nvidia Джэнсэн Хуан. Пра гэта Financial Times заявіў сенатар ад штата Арэгон Рон Вайдэн.

Ідзе гаворка пра так званыя ануітэтныя трасты з захаваннем права заснавальніка на выплаты.

Ануітэтны траст (GRAT, Grantor Retained Annuity Trust) — інструмент кіравання спадчынай у ЗША, які дазваляе перадаваць прырост вартасці актываў спадкаемцам з мінімальным падаткам на дарэнне або ўвогуле без яго. Асабліва выгадны ён уладальнікам акцый, што хутка даражэюць.

Уладальнік перадае актывы, напрыклад акцыі сваёй кампаніі, у траст на пэўны тэрмін, захоўваючы за сабой права на рэгулярныя выплаты. Калі за гэты час акцыі істотна даражэюць, астатнія ў трасце актывы могуць перайсці да яго бенефіцыяраў без дадатковага падатку на дарэнне.

«Звышбагатыя людзі перакладаюць купу грошай на паперы — і пуф, падаткі, якія яны павінны заплаціць, знікаюць», — заявіў Вайдэн.

Сенатар, які ў студзені можа ўзначаліць фінансавы камітэт Сената, будзе дамагацца як мага хутчэйшага прыняцця законапраекта аб закрыцці лазейкі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа накласці на яго вета, для пераадолення якога спатрэбіцца большасць у дзве траціны галасоў.

Паводле аналізу карпаратыўнай справаздачнасці, праведзенага FT, Маск, Хуан, гендырэктар AMD Ліза Су і кіраўнік Microsoft Сацья Надэла размясцілі ў трастах GRAT акцыі агульнай вартасцю $20 млрд.

Механізм GRAT з’явіўся ў 1990 годзе, калі Кангрэс ЗША спрабаваў закрыць іншую падатковую лазейку, піша FT. Заснавальнік траста атрымлівае рэгулярныя выплаты на працягу вызначанага тэрміну, пасля чаго астатнія актывы пераходзяць да бенефіцыяраў. На практыцы гэта дазваляе перадаваць сем’ям мільярды долараў без выплаты 40-працэнтнага падатку, якім абкладаецца перадача маёмасці звыш парога ў $15 млн.

Як піша FT, у 2016 годзе Хуан і ягоная жонка стварылі чатыры ануітэтныя трасты, перадаўшы ў кожны па 770 тыс. акцый Nvidia агульнай вартасцю $100 млн. Сужэнцы вызначылі памер ануітэтных выплат такім чынам, каб іх прыведзеная вартасць адпавядала першапачатковай вартасці перададзеных акцый, дзякуючы чаму падатак на дарэнне практычна не спаганяўся. За наступныя гады акцыі Nvidia рэзка падаражэлі, таму для ажыццяўлення выплат сужэнцам спатрэбілася толькі нязначная частка папер. Астатнія акцыі былі перададзены ў іншы траст і цяпер не абкладаюцца падаткамі на дарэнне і спадчыну. Па стане на канец лістапада 2026-га іх вартасць дасягнула $16 млрд.

Маск, паводле даных выдання, размясціў у трастах, створаных у 2024 годзе, акцыі SpaceX на $1 млрд, а Надэла трымае ў іх каштоўныя паперы Microsoft на $213 млн — каля паловы ад агульнай колькасці належных яму акцый кампаніі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲