Беларусы змогуць вярнуцца дадому ў 2027 годзе?
- 27.11.2026, 15:29
Ёсць некалькі ўмоў.
Беларускі журналіст Яўген Валошын узяў вялікае інтэрв'ю у галоўнай рэдактаркі сайта Charter97.org Наталлі Радзінай, прадставіўшы яе як «адну з самых уплывовых постацей беларускага медыяпрастору за ўсю гісторыю краіны».
Журналіст «Радыё Рацыя» спытаў, чаму галоўная рэдактарка сайта Charter97.org такая ўпэўненая ў хуткіх пераменах. Наталля Радзіна адзначыла некалькі важных фактараў:
— Я перакананая, што рэжыму Лукашэнкі засталося нядоўга. Давайце рэалістычна глядзець на сітуацыю ў Беларусі. Не праз прапаганду расійскіх або лукашэнкаўскіх медыя, а з улікам вайны, якую яны разам вядуць супраць Украіны. Мы бачым, што Пуцін і Лукашэнка значна аслабелі, і ў любы момант можа здарыцца тое, чаго мы чакаем столькі гадоў.
Днямі быў узарваны Крымскі мост, і Расія не можа яго аднавіць. Гэты сімвалічны крок Украіны падкрэслівае, наколькі сёння слабы крэмлёўскі рэжым.
Не трэба баяцца працягваць ціснуць на путінскі рэжым. Мне здаецца, што яшчэ некалькі рашучых крокаў — і ўсё там рухне. У гэтай сітуацыі ні ў якім разе нельга здымаць санкцыі супраць расійскага і беларускага рэжымаў. Трэба працягваць аказваць падтрымку Украіне, і тады дыктатуры ў Расіі і Беларусі абваляцца, а мы зможам рыхтавацца да вяртання дадому ўжо ў наступным годзе.
У Беларусі цяпер сапраўды ёсць велізарны шанец на перамены
Наталля Радзіна звярнула ўвагу на цікавы парадокс: цяпер сітуацыя для зменаў лепшая, чым у 2020 годзе:
— Перад 2020 годам усе вакол паўтаралі, што ў Беларусі нічога не адбудзецца. Паглядзіце архівы, пачытайце, што пісалі так званыя незалежныя беларускія аналітыкі пра тыя прэзідэнцкія выбары. Узяць хаця б Арцёма Шрайбмана. Што ён пісаў? Што гэта будуць «самыя сумныя выбары ў гісторыі» і «нічога не здарыцца».
Цяпер усё можа змяніцца ў любы момант, бо ідзе вайна, якая разбурае дыктатарскія рэжымы. Нам усім трэба быць гатовымі да таго, што перамены ў Беларусі сапраўды могуць адбыцца. Прычым хутка і зусім нечакана. Тым, хто цяпер за мяжой, таксама варта рыхтавацца да вяртання: я ведаю, што многія хочуць вярнуцца ў Беларусь.
Сёння не час для сваркаў або зводзін рахункаў. Час пачаць чуць адно аднаго і працаваць не дзеля сябе каханага, а дзеля краіны. У сувязі з гэтым хачу асабліва падкрэсліць, звяртаючыся да Святланы Ціханоўскай, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, што трэба думаць пра краіну і пра людзей у Беларусі, а не пра асабістыя інтарэсы, амбіцыі або спробы нажыцца на пакутах людзей, чым многія цяпер і займаюцца.
У Беларусі цяпер сапраўды ёсць велізарны шанец на перамены. Шанец быў і ў 2020 годзе, але цяпер з'явілася рэальная магчымасць, нават больш значная, чым тая, што была шэсць гадоў таму. З'явіўся шанец канчаткова перамагчы Расію — краіну, якая зрабіла безліч памылак, развязаўшы вайну супраць Украіны, а па сутнасці — супраць усяго свету, супраць усёй Еўропы. Дык давайце рыхтавацца і верыць у тое, што Беларусь стане свабоднай і дэмакратычнай.