28 снежня 2024, Субота, 17:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэпрэсіі супраць удзельніцы Форума «Усходняга партнёрства» -- выклік Еўропе

21
Рэпрэсіі супраць удзельніцы Форума «Усходняга партнёрства» -- выклік Еўропе

Адлічэнне з БДУ прэс-сакратара «Маладога Фронту» можа паставіць крыж на заляцаннях беларускага рэжыму з Еўропай.

Таццяна Шапуцька была выключаная з БДУ за ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» у Брусэлі. Гэты выпадак выглядае абуральным нават на фоне звычайнай практыкі выключэння з беларускіх вну палітычна актыўных студэнтаў. Бо «Усходняе партнёрства» -- ініцыятыва Еўрапейскага звяза, афіцыйна прынятая беларускім кіраўніцтвам. Нараўне з дзяржаўнымі структурамі да ўдзелу ў ёй запрошана і грамадзянская супольнасць, адзначае сайт «Еўрапейская Беларусь».

На Форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краін і Еўразвяза, у тым ліку з Карлам Більдтам -- міністрам замежных спраў Швецыі, краіны-старшыні Еўрапейскага звяза і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер. Яшчэ падчас працы форума, даведаўшыся пра пагрозу выключэння актывісткі з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднер і Карл Більдт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за лёсам Таццяны Шапуцькі.

Удзел у брусэльскім форуме ўзяў таксама кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Леанід Козік. Калі на мерапрыемстве ўзнялі пытанне верагоднасці выключэння Шупуцькі з універсітэта, Козік паабяцаў асабіста арганізаваць дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры Менска, калі Шапуцька будзе выключаная. Аднак, калі пагроза стала рэальнасцю і дзяўчыну выключылі з БДУ, ніякай рэакцыі з боку прафбоса не было.

Паводле словаў яшчэ аднаго ўдзельніка Форума, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Кобеца, адлічэнне Шапуцькі з БДУ ставіць пад сумнеў гатоўнасць улады рабіць крокі насустрач Еўразвязу:

«Стаўшы ўдзельніцай «Усходняга Партнёрства», наша краіна ўзяла на сябе пэўныя абавязанні. У тым ліку і ў галіне развіцця грамадзянскай супольнасці. Грамадзянская актыўнасць - норма ў краінах, дзе будучыня любога палітыка наўпрост залежыць ад настрояў выбаршчыкаў. У краінах Еўразвяза асабліва вітаецца актыўнасць і ўцягнутасць у грамадскае жыццё моладзі. Навіна аб адлічэнні з універсітэта дэлегата Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» - развітанне з ілюзіямі адносна сур'ёзнасці намераў улады рухацца насустрач Еўразвязу, падзяляць агульныя каштоўнасці з грамадзянамі свабоднага свету.

Без сумневу, Таццяна не застанецца без вышэйшай адукацыі. Прапановы працягнуць навучанне яна атрымала яшчэ ў Брусэлі. Праявай мудрасці кіраўніцтва БДУ стала б безумоўнае ўзнаўленне Таццяны Шапуцькі ў шэрагах студэнтаў. Бо гэта ў інтэрасах Беларусі, каб маладая, таленавітая, неабыякавая да будучыні сваёй краіны дзяўчына – дэлегат Форума грамадзянскай супольнасци працягнула вучобу ў роднай Беларусі,» -- сказаў Уладзімір Кобец.

Сама Таццяна Шапуцька ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіла:

«Яшчэ 10 дзён таму намдэкана майго факультэта сказаў, што пасля паездкі ў Брусэль мной зацікавіліся сур'ёзныя людзі ў сур'ёзных структурах. 3 снежня мяне выклікалі ў дэканат і прад'явілі загад аб адлічэнні за подпісам рэктара БДУ. Пры гэтым мне не растлумачылі ніякіх прычын і сказалі, што копію загада я магу атрымаць у прыёмнай.

Сказаць па праўдзе, я была шакаваная. У мяне добрая наведвальнасць і высокі сярэдні бал. Але калі ўчора я даведалася, што за правядзенне перформансу ў Менску апазіцыянерам далі 15 сутак, і калі пачула ўчорашнія заявы Лукашэнкі аб яго стаўленні да Расеі, мне ўжо няма чаму здзіўляцца, -- кажа Таццяна Шапуцька. -- Лукашэнка паказаў, што вектар яго палітыкі змяніўся з еўрапейскага на расейскі. І арышты апазіцыянераў, і заява беларускага правіцеля – гэта дэманстратыўны прыём, які адбыўся ў адзін і той жа дзень, каб паказаць Еўропе, што яна не аказвае ўплыву на яго палітыку».

Варта нагадаць, што ў выніковым дакуменце ўдзельнікі Форума грамадзянскай супольнасці заклікаюць Еўрапейскі Звяз дамагацца ад урадаў краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» вызвалення палітычных вязняў, захавання правоў чалавека, правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, свабоды слова і свабоды сходаў.

Таццяна Шапуцька з міністрам замежных спраў Швецыі, краіны-старшыні Еўрапейскага Звяза, Карлам Більдтам і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер.

Таццяна Шапуцька з кіраўніком дэпартамента Усходняй Еўропы ў МЗС Швецыі Ёханам Фрыселам (Johan Frisell)

Кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў Леанід Козік паабяцаў арганізаваць дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры Менска, калі Шапуцька будзе выключана.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках