23 лiстапада 2024, Субота, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэніроўка «эскадронаў смерці» працягваецца?

45
Трэніроўка «эскадронаў смерці»  працягваецца?

Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель выкрадзены невядомымі. За апошні тыдзень былі схопленыя і вывезеныя ў лес чацвёра апазіцыянераў.

Як распавёў Афнагель, яго схапілі ўвечары 6 снежня чатыры чалавекі ў цывільным на вуліцы Бялінскага ў Менску. Афнагеля гвалтам пасадзілі ў белы аўтамабіль з зацемненым шклом і вывезлі за горад. Па словах актывіста «Еўрапейскай Беларусі», выкрадальнікі практычна нічога не казалі. Яго галаву прыціснулі да каленяў і выпусцілі з машыны дзесьці на прасёлкавай дарозе за некалькіх кіламетраў ад барысаўскай трасы, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».

«У 16.00 у мяне была прызначаная сустрэча каля заводу «Прамень». Чалавек, з якім я павінен быў сустрэцца, спазняўся. Да мяне падышлі два чалавекі ў цывільным, паказалі міліцэйскія пасведчанні і папрасілі прад'явіць змесціва заплечніка. Нічога цікавага для сябе яны не знайшлі і сышлі. Потым побач з'явіўся міліцыянт у форме з рацыяй. Я сеў у аўтобус і даехаў да Бялінскага. Там на прыпынку мяне і схапілі. Запіхнулі ў белы легкавік і павезлі. У аўтамабілі было тры чалавекі, акрамя мяне. Каля 20 хвілінаў вазілі па горадзе, галаву мне нахілілі, каб не глядзеў у акно. Потым паехалі за горад. Праз нейкі час звярнулі з трасы і яшчэ з кіламетр ехалі. А потым мяне высадзілі, аддалі фотаапарат, праўда, без акумулятара, і тэлефоны, з аднаго выцягнуўшы батарэю», - распавёў Яўген Афнагель.

За апошні час супрацоўнікі спецслужбаў выкрадалі моладзевых лідэраў Зміцера Дашкевіча і Артура Фінкевіча, актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша. Ва ўсіх выпадках апазіцыянераў выкрадалі невядомыя людзі ў цывільным, якія, аднак, былі аснаджаныя міліцэйскімі рацыямі. Маладых людзей вывозілі ў лес, пагражалі, патрабуючы спыніць палітычную дзейнасць, а затым пакідалі за дзясяткі кіламетраў ад Менска.

Раней былі выкрадзеныя і вывезеныя за горад актывісты «Маладога Фронту» Наста Палажанка і Дзяніс Карноў. Нягледзячы на тое, што маладыя людзі звярнуліся ў пракуратуру і нават апазналі па фатаграфіях у СМІ аднаго з выкрадальнікаў - супрацоўніка міліцэйскага спецпадраздзялення «Алмаз» Аляксандра Леаненку, улады, па сутнасці, адмаўляюцца расследаваць выкраданні.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка лічыць, што выкраданні можна расцэньваць як катаванне і пагрозу забойства. «Гэта фактычна імітацыя пакарання смерцю. Гэта ўжо не жарты. На гэта абавязкова трэба рэагаваць, і рэагаваць не толькі заявамі, але і больш сур'ёзна», — сказаў Бандарэнка.

Каментуючы раней сайту charter97.org выкраданні моладзевых лідэраў, лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў заявіў, што сёння мы назіраем трэніроўку «эскадронаў смерці», якія адпрацоўваюць свае метады, перш за ўсё, на моладзі.

«Такая беспакаранасць стала вынікам таго, што справы аб знікненні ў Беларусі палітыкаў, грамадскіх дзеячоў і журналістаў не расследуюцца. А еўрапейцы лічаць за лепшае заплюшчваць вочы на тое, што расследаванне гэтых справаў было адным з патрабаванняў аднаўлення стасункаў з Лукашэнкам. Усё больш відавочным становіцца, што цяперашняя ўлада Беларусі не пераадолее эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя выклікі і будзе спрабаваць дзейнічаць знаёмымі ёй метадамі: узмацненнем рэпрэсіяў супраць іншадумцаў. Сёння нам як ніколі неабходна праяўляць цвёрдасць і рашучасць у адстойванні сваіх прынцыпаў, абараняць правы і свабоды грамадзянаў. Падлашчвацца да рэжыма, які пераходзіць усе межы дазволенага, проста злачынства. Нам неабходная салідарнасць. Рэжым Лукашэнкі развязаў вайну супраць народа Беларусі, а гэта непазбежна прывядзе да краху дыктатуры», - упэўнены лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках