23 снежня 2024, панядзелак, 17:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Халіп: «У мяне толькі адна версія – пагражаюць спецслужбы»

36
Ірына Халіп: «У мяне толькі адна версія – пагражаюць спецслужбы»

У Беларусі разыгрываецца дзеянне нейкага вялікага палітычнага спектакля, зрэжысаванага за вялікія грошы.

Да публікацыі ў «Новой газете» артыкула пра спадчыну Бадры Патаркацішвілі, беларуская журналістка Ірына Халіп атрымлівала лісты, тэлефанаванні і тэлеграмы з пагрозамі.

Сёння артыкул «Вайна за спадчыну алігарха» быў апублікаваны. Ірына Халіп адказвае на пытанні сайта charter97.org.

-- Ірына, чаму вы вырашылі зноў вярнуцца да гучнай справы пра арышт у Менску амерыканскага адваката Зельцэра і гісторыю са спадчынай Бадры Патаркацішвілі?

-- Таму што, па-мойму, усе беларускія журналісты цікавіліся падрабязнасцямі справы Эмануіла Зельцэра. Не кожны дзень у нашую краіну прыязджаюць амерыканскія адвакаты, якіх арыштоўвае КДБ, і я не ўзгадаю выпадка, каб амерыканца трымалі ў турме КДБ. Было відавочна, што калі арыштавалі чалавека, які ніколі раней у Беларусі не быў і відавочна не з'яўляецца ані шпіёнам, ані агентам ЦРУ, дык тут разыгрываецца дзеянне нейкага вялікага палітычнага спектакля, зрэжысаванага за вялікія грошы.

Таму, калі ў мяне з'явілася магчымасць сустрэцца з Эмануілам Зельцэрам і Уладленай Функ у Нью-Ёрку, я проста не магла ёй не скарыстацца. Шчыра кажучы, я разлічвала напісаць дэтэктыўную гісторыю з новымі падрабязнасцямі. Але зусім не думала, што ў гэты дэтэктыў буду ўцягнутая і я сама.

-- Вам сталі паступаць пагрозы з патрабаваннем не друкаваць артыкул. Адкуль яны маглі зыходзіць?

- У мяне можа быць толькі адна версія. Паколькі ліст з пагрозамі я атрымала на наступны дзень пасля таго, як адправіла артыкул у рэдакцыю па электроннай пошце, стала відавочна: пагражаць могуць толькі тыя, хто мае магчымасць чытаць чужую электронную пошту. У нашай краіне – гэта прэрагатыва спецслужбаў. Асабліва калі ўлічыць, што ў артыкуле гаворка ідзе пра іх ролю ў гэтай цёмнай гісторыі, ды яшчэ і называюцца канкрэтныя імёны. Кадэбэшнікі прызвычаіліся заставацца безыменнымі і безаблічнымі, іх не апазнаеш у натоўпе. І яны вельмі не любяць, калі іх незаконныя і часам злачынныя дзеянні становяцца вядомыя разам з іх прозвішчамі. Тым больш калі іх незаконныя дзеянні робяцца па загадзе нейкіх «неафіцыйных асобаў» кшталту Барыса Беразоўскага ці яго адваката лорда Голдсміта.

Дарэчы, ліст быў падпісаны нібыта Беразоўскім. Я, вядома, яму патэлефанавала і распавяла пра гэта. Барыс Беразоўскі катэгарычна адмаўляў факт сваёй датычнасці і выказаў здагадку, што гэта – дзеянні КДБ. Верагодна, у перыяд свайго супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі падчас фабрыкацыі справы Зельцэра ён паспеў добра вывучыць іх метады працы.

-- Потым было тэлефанаванне з пагрозамі, затым тэлеграма. Не было думкі адмовіцца ад публікацыі артыкула – ў вас жа маленькае дзіця?...

-- Вядома, мне было вельмі страшна. Недарэчна было б сцвярджаць, што мяне гэта выключна забаўляла. З кожным разам я ўсё больш пераконвалася ў тым, што мне пагражаюць спецслужбы, верагодней за ўсё, КДБ. У тэлеграме ўтрымліваліся наўпроставыя намёкі на мае тэлефонныя гутаркі, якія я вяла напярэдадні і электронныя лісты, якія я адпраўляла за дзень да яе атрымання.

Больш за тое, напярэдадні атрымання тэлеграмы ў мяне захварэў сын, і я ўвесь дзень ператэлефаноўвалася з мамай, абмяркоўваючы яго здароўе. А ў тэлеграме быў тэкст: выпей за здароўе сына, калі свайго не шкада. Але ў такіх выпадках галоснасць і публікацыя – адзіная гарантыя бяспекі.

-- Ірына, улічваючы ваш досвед, наколькі ў Беларусі небяспечна праводзіць журналісцкія расследаванні?

-- У любой краіне праводзіць журналісцкае расследаванне няпроста, а ў Беларусі гэта ў сто разоў складаней. І, працуючы над нейкім тэмай, журналіст ніколі не ведае, дзе можа «грамыхнуць». У нашай краіне журналістам пагражаюць, іх кідаюць у турмы і забіваюць. Здавалася б: трэба сесці, добра падумаць і пралічыць наступствы, перш чым нешта пісаць. Але асаблівасць нашай краіны ў тым, што пралічыць наступствы немагчыма. Гэта можна рабіць, калі ў дзеяннях улады ёсць нейкая логіка, але калі логікі няма, чакаць можна любых дзеянняў, нават не заўсёды разумеючы, чым яны справакаваныя. Я, да прыкладу, не чакала такой бурнай рэакцыі на мой яшчэ нават не апублікаваны матэрыял.

-- Падзеі апошніх дзён у Беларусі – выкраданні моладзевых лідэраў, забойства актывіста Партыі БНФ, пагрозы ў ваш адрас. Што гэта? Супадзенні ці заканамернасць?

-- Я не магу лічыць гэта супадзеннем хаця б таму, што гэтыя падзеі адрозніваюцца занадта высокай шчыльнасцю на адзінку часу. Такіх супадзенняў не бывае і, хутчэй за ўсё, гэта заканамернасць. Часам мне здаецца, што ўсё, што адбываецца зараз, уключаючы выкраданні моладзевых лідэраў, - гэта неадэкватная рэакцыя ўладаў на той просты факт, што мы ўсё яшчэ жывыя і працягваем штосьці рабіць, замест таго, каб, як некаторыя нашыя суграмадзяне, замкнуцца на кухні, накрыць падушкай тэлефон і за бутэлькай гарэлкі гнеўна выкрываць гэты паскудны рэжым.

У апошні час я часта ўзгадвала Зельцэра, які за паўтары гады ў беларускай турме прайшоў усе колы пекла, але не напісаў прашэнне аб памілаванні. І нават гэты не вельмі малады чалавек са слабым здароўем у чужой краіне, дзе ў яго няма блізкіх, сяброў і знаёмых, усёткі вытрымаў. Ён выжыў, ён не здаўся і, у выніку, ён перамог, таму што не прызнаваў сябе вінаватым. Як і яго памочніца Улада. Дарэчы, яны збіраюцца распавесці пра свае нягоды ў Беларусі ў заходняй прэсе. Я была вельмі рада ўбачыць іх у Нью-Ёрку жывымі, здаровымі і моцнымі пасля ўсіх пакутаў, праз якія ім прыйшлося прайсці.

У кожнага з нас тут ёсць сябры, сваякі, людзі, якія нам спачуваюць і падтрымліваюць. І, па логіцы рэчаў, нам павінна быць лягчэй супраціўляцца. Таму хочацца сказаць: людзі, не сядзіце на сваіх кухнях – гэта яшчэ нікога выратавала.

Фота - Юліі Дарашкевіч

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках