7 траўня 2024, aўторак, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марк Зельцэр: «У Беларусі людзі знікаюць, а можа быць і куля ў чэрапе»

6

Брат вызваленага амерыканскага юрыста абвінаваціў беларускія ўлады ў прававым «безграніччы».

Марк Зельцэр даў інтэрв'ю «Еўрарадыё» учора, калі ехаў у аэрапорт, каб сустрэць свайго брата, які павінен быў прыляцець з Менска.

– Ужо зразумела, што за ўсёй гісторыяй з Эмануілам стаіць паляванне за грашыма Бадры Патаркацішвілі, у якога ваш брат быў адвакатам. Галоўным паляўнічым вы самі называеце Барыса Беразоўскага. Ці не баіцеся, што паляванне за грашыма працягнецца, і Эмануіл па-ранейшаму будзе ў небяспецы?

– Вы задалі вельмі-вельмі правільнае пытанне. Вось, зараз ён выйшаў на волю - ці будзе ён далей змагацца? Я не ведаю. Я з ім яшчэ не размаўляў, ён яшчэ не прыляцеў. Але ён вялікі і сур'ёзны адвакат. Ці будзе ён працягваць займацца гэтай справай ці не - не ведаю.

Разумееце, Бадры (Патаркацішвілі) пакінуў тэстамант, ён пакінуў грошы сваёй сям'і: па 25 адсоткаў адной жонцы, другой, дзецям - па 5, па 10 адсоткаў і гэтак далей. У гэтым тэстаманце, натуральна, няма ні Беразоўскага, ні Эмануіла, ні Джозафа Кея - нікому з іх ён нічога не пакідаў. Мой брат займаўся гэтай справай таму, што гэта быў яго кліент апошнія 14 гадоў. І з-за гэтага пацярпеў. Беразоўскі вырашыў, што палова грошай, калі не ўсе, ягоныя.

Я нікога з іх не ведаў: ні Бадры, ні Беразоўскага, ні Кея. Яны ўсе змагаюцца за нейкія шалёныя грошы. Мне трэба, каб з братам было ўсё нармальна. Маё меркаванне такое і мая парада была б такой: не думаць пра мінулае, зачыніць гэты раздзел і пачаць думаць пра будучыню. І не займацца больш гэтымі рэчамі. Мы ведаем пра здарэнне ў Беларусі - у ім не было ніякай юрыдычнай падкладкі. Тое ж самае і з Беразоўскім. Што там можна вырашыць юрыдычна? Яму нешта не падабаецца - ён адурманьвае, саджае ў самалёт і накіроўвае да свайго сябра ў Беларусь. Каб там людзі зніклі. А наступны раз будзе куля ў чэрапе.

Калі я не магу змагацца з чалавекам сваімі ўласнымі сіламі, калі ён выступае, як казаў мой прафесар маскоўскай кансерваторыі, у іншы вагавай катэгорыі, дык, што ж я магу зрабіць? Я не забойца, я не крымінальнік, я страляць у яго не буду. А ён можа! Але ж гэта няроўныя сілы! Тут павінны быць задзейнічаныя праваахоўныя органы Расеі, Ангельшчыны, якая хоча яго (Беразоўскага) трымаць у сябе, Беларусі, якая павінна была яго выдаць. Але гэта вырашаць майму брату, а не мне. Але я яму буду раіць не звязвацца.

Нагадаем, што Эмануіл Зельцэр з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозафа Кея — далёкага сваяка грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацішвілі. Пасля смерці 12 лютага 2008 года Патаркацішвілі Дж.Кей прад'явіў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам тэстаманту памерлага. Дакументы былі складзеныя Зельцэрам, аднак сваякі Патаркацішвілі абвесцілі іх падробкай, пасля чаго Зельцэр быў затрыманы ў Менску. Мяркуецца, што Зельцэр прыляцеў у Беларусь па справах, звязаных з тэстамантам Патаркацішвілі. Між тым, суд Тбілісі ў траўні і ў лютым (паўторна) прызнаў Кея выканаўцам тэстаманту, пацвердзіўшы тым самым сапраўднасць дакументаў.

Сваякі Зельцэра абвінавачваюць у дачыненні да яго арышту кампаньёна Патаркацішвілі — расейскага бізнэсмэна Барыса Беразоўскага. Паводле іх інфармацыі, той прыязджаў на судовы працэс у Менск для давання паказанняў і наведваў Зельцэра ў следчым ізалятары КДБ. Беразоўскі і афіцыйныя беларускія структуры не пацвярджаюць і не абвяргаюць гэтыя звесткі.

Бадры Патаркацішвілі лічыўся самым заможным чалавекам Грузіі. Паводле звестак СМІ, яго маёмасць складае 12 мільярдаў даляраў.

Зельцэр і яго сакратарка Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зельцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў закрытым рэжыме.

ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Э.Зельцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася.

30 чэрвеня ў Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі. У той жа дзень беларускі кіраўнік паабяцаў кангрэсменам вызваліць Зельцэра і падпісаў указ аб памілаванні. Увечары 30 чэрвеня Эмануіл Зельцэр быў вызвалены з Магілёўскай калоніі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках