22 снежня 2024, Нядзеля, 11:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Германіі закрывае вочы на рэпрэсіі супраць беларускіх дэмакратаў

28
МЗС Германіі закрывае вочы на рэпрэсіі супраць беларускіх дэмакратаў

На сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым міністр замежных спраў Германіі адзначыў наяўнасць у Беларусі нейкіх «дэмакратычных рэформ».

«Працяг дэмакратычных рэформ застаецца ўмовай пачатку нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЕЗ і для поўнай адмены санкцый», -- заявіў, у прыватнасці, Франк-Вальтэр Штайнмаер па выніках сустрэчы з Сяргеем Мартынавым.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Германіі, галоўнай тэмай сустрэчы сталі двухбаковыя адносіны, а таксама адносіны паміж Беларуссю і ЕЗ. «Я ўхваляю тыя крокі ў накірунку рэформ, якія на працягу апошніх тыдняў і месяцаў распачалі беларускія ўлады. Зараз важна, каб гэтыя распачынанні перараслі ва ўстойлівы працэс», — заявіў германскі міністр.

Ён лічыць, што новая палітыка ЕЗ «Усходняе партнёрства» «дасць новыя магчымасці, у тым ліку Беларусі». «Ад беларускіх уладаў залежыць, ці зможа краіна імі скарыстацца», — падкрэсліў кіраўнік МЗС ФРГ.

Ф.-В.Штайнмаер таксама прывітаў той факт, што Беларусь стала 76 краінай — сябрам Міжнароднага агенцтва па аднаўляльных крыніцах энергіі (International Renewable Energy Agency — IRENA). Сёння ў Берліне С.Мартынаў паставіў свой подпіс пад статутнай дамовай гэтай арганізацыі.

Візіт міністра замежных спраў Беларусі ў Германію на такім узроўні — першы за апошнія 14 год, звяртае ўвагу прэс-служба МЗС ФРГ.

Заявы кіраўніка МЗС Германіі здзівілі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Дзіўна, што высокапастаўлены чыноўнік краіны-ўдзельніцы Еўразвяза ні словам не абмовіўся аб тым, што толькі на працягу апошняга месяца ў Беларусі былі гвалтоўным чынам, у парушэнне закона, закліканыя ў войска лідэры моладзевых дэмакратычных арганізацый і рухаў Франак Вячорка, Іван Шыла і Зміцер Хведарук. Усяго тры дні таму ў Беларусі спецпадпаддзяленнем МУС «Алмаз» былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў, былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка.

«Даўно вядома, што палітыка Міністэрства замежных спраў Германіі засноўваецца на «прагматычным» падыходзе, і такія пытанні як правы чалавека або дэмакратызацыя грамадства не стаяць сярод першых пытанняў, якія цікавяць афіцыйны Берлін. Пазіцыя Берліна, менавіта Міністэрства замежных спраў ФРГ, у якой не адлюстраваныя тыя праблемы якія існуюць у Беларусі (фактычна рэпрэсіўны характар рэжыму не змяніўся ні на ёту), не ўносіць нічога новага, а, па сутнасці, накіроўвае іншыя краіны Еўразвяза, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі, таксама на падтрыманне такой згодніцкай пазіцыі. Думаю, што нам трэба больш настойліва інфармаваць кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў краін Еўразвяза, што на самой справе робіцца ў Беларусі, даводзіць, што ўсе прадпрымаемыя рэжымам Лукашэнкі крокі – гэта суцэльная бутафорыя. Ні ў адной сферы не было дасягнута ніякага прагрэсу. У чым спадар Штайнмаер убачыў гэтыя станоўчыя крокі мне цалкам незразумела», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках