26 снежня 2024, Чацвер, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўныя МАЗа гатовыя выйсці на плошчу

86

Сітуацыя на Менскім аўтазаводзе блізкая да крытычнай. Працоўныя заяўляюць, што гатовыя адстойваць свае правы на вуліцы.

Сёння на пляцоўках аўтазавода стаяць зараз больш за восем тысяч аўтамабіляў. Не ад сытага жыцця людзей прымушаюць сыходзіць у «адпачынкі» за свой кошт.

«Мы пачалі сыпацца з канца мінулага года, -- распавядае сайту Regionby.org працоўны МАЗа Ўладзімір Воўкаў з 29-гадовым стажам працы на прадпрыемстве. -- Тады было фактычна ўтоенае беспрацоўе. Людзей прасілі пісаць заявы на трэцюю змену, на пятніцы за свой кошт, і кожны з працаўнікоў, такім чынам, страціў больш 200-300 тысяч рублёў».

Па словах Воўкава крызіс на МАЗе крануў усіх.

«У прыватнасці, такое было ў сталельцэхах №1, 2, ЛКЧ - ліцейцы каванага і шэрага чыгуну, механазборачнай вытворчасці - а гэта галоўны канвеер. Кранула гэта таксама прэса-кузаўную вытворчасць, дзе людзі пісалі заявы за свой кошт», -- кажа ён.

Працоўны Менскага аўтазавода распавядае, што з боку кіраўніцтва афіцыйнага кіраўніцтва мясцовым працаўнікам не ідзе ніякай дапамогі.

«Наколькі мне вядома, -- кажа Воўкаў, -- была толькі адна спроба ўмяшання ў тое, што адбываецца: калі гаворка зайшла аб нявыплаце матэрыяльнай дапамогі да адпачынкаў. Але яны абаранялі не столькі працоўных і ІТР, колькі сябе. Да прыкладу, параўнаем заробак. Ёсць у нас старшыня профкома заводу. Быў калісьці добрым лідэрам, выдатным хлопцам - Міхаіл Будай. Ягоны афіцыйны заробак - 2 500 000 рублёў. І вось паглядзіце: калі гэты чалавек не атрымае 80 адсоткаў дапамогі - страціць практычна два мільёны! Удвая больш за працоўнага!»

Як заяўляе Ўладзімір Воўкаў, сёння МАЗ фактычна не працуе.

«Менскі аўтазавод 6 і 9 лютага не працаваў, -- распавядае ён. -- Быў абвешчаны цэлазменны прастой. У некаторых падпадзяленнях пісалі заявы за свой кошт. Да іх падыходзілі майстры і як бы намякалі або нават патрабавалі напісаць гэта добраахвотна. Хачу прывесці два прыклады. Двое маіх таварышаў, аднадумцаў, прынялі рознае рашэнне. Адзін з іх падпісаў заяву на тры дні за свой кошт пасля напамінку аб кантракце. А вось сябар з механазборачнага цэха катэгарычна адмовіўся. У выніку яму аформілі прастой па віне кіраўніцтва з аплатай двух/трацін тарыфнай стаўкі. Гэта прыклад, варты пераймання. Кожны чалавек павінен ведаць свае правы і ўмець дамагчыся іх рэалізацыі».

Па словах Воўкава, у працаўнікоў МАЗа ўжо няма ранейшага даверу да прадпрыемства.

«У людзей пачынаецца прачынацца пачуццё самасвядомасці, -- кажа працоўны. -- Гэта можна заўважыць на некаторых вытворчых участках, але асабліва ў курыльнях, дзе практычна няма забароненых тэм для гутаркі. У тым ліку і аб сітуацыі, якая склалася на нашым заводзе, так і ў цэлым у краіне. Ужо дастаў крызіс, так званая няпоўная занятасць. Дзе выйсце? Людзі прама кажуць: трэба выходзіць на плошчу. Як гэта было ў 1991 годзе… Гэта меркаванне сталеліцейнага, механазборачнага, прэса-кузаўнога цэхаў, іншых вытворчасцяў».

Нагадаем, што з пачатку лютага МАЗ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень. Прадпрыемства затрымлівае выплату заробкаў, скарачае штат працаўнікоў, прадукцыя прастойвае.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках