16 снежня 2025, aўторак, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У справе аб забойстве «пухавіцкага падпальшчыка» выявіліся новыя падрабязнасці

8

Забойцы падпальшчыка з Пухавічаў, за якіх заступіўся Лукашэнка, працягваюць парушаць закон.

Учора пракуратура прад'явіла абвінавачванне маладой жанчыне, якая, магчыма, падгаварыла мужчынаў пакончыць з аднавяскоўцам.

Жанчына і без таго судзімая: за раненне нажом сужыцеля яна была пакараная абмежаваннем волі. А з 24 лютага, як і трое ранейшых падазраваных, знаходзіцца пад хатнім арыштам. У яе ёсць маленькае дзіця.

— Следства прыйшло да высновы, што жанчына прыймала саўдзел у забойстве, — паведаміў «Комсомольской правде в Беларуси» следчы пракуратуры Гомельскай вобласці Сяргей Белікаў.

— Таццяне 21 год, у яе спецыяльнасць маляра-тынкоўшчыка, але ў апошні час працы не было, яна сядзела дома, — распавёў участковы Васіль Мірановіч. — Яе маленькая дачка ходзіць у дзіцячы сад, дзіця, наколькі я ведаю, выхоўваюць часцей сваякі Таццяны — сама яна то вучылася, то працавала.

Тым часам зафіксавана парушэнне рэжыму адным з абвінавачваных: міліцыя заспела яго п'яным. Пакуль гэта не паўплывала на вяртанне да больш жорсткай меры стрымання.

А ў Генеральную пракуратуру і Лукашэнку вяскоўцы адправілі новы ліст. Ужо не пра тое, каб абвінавачваных памілавалі, а наадварот: пакаралі строга па законе.

— Пішуць аб справядлівасці: калі, маўляў, кагосьці садзяць за скрадзены мяшок бульбы, дык і забойцы павінны сядзець у турме, — працягвае следчы. — Разважаюць, што ў кожнай вёсцы ёсць дрэнныя людзі, ці можна іх усіх забіваць. Пад зваротам паставілі подпісы 70 чалавек.

— З абласной пракуратуры прыязджалі спраўджваць гэтыя подпісы і дапытваць тых, хто падпісаўся, — дапаўняе старшыня мясцовага сельвыканкама Леанід Лясько. — Зварот напісалі пасля выхаду тэлесюжэтаў і артыкулаў у газетах. Наогул, людзям увесь гэты шум ужо вельмі надакучыў, хочуць, каб усё хутчэй скончылася.

Назіраецца падзел Пухавічаў на два лагеры. Журналісты датэлефанаваліся ў вёску, каб высветліць, наколькі спакойна зараз жывуць вяскоўцы.

— Грамадзянскай вайны няма, усё ціха! — запэўнівае пенсіянерка Ніна Юхневіч. — Круглыя суткі дзяжурыць міліцыя. А гэтую новую заяву напісалі сваякі і сябры Міеса. Подпісы збіралі не толькі з нашай, але і з іншых вёсак.

Дарэчы, пад першым прашэннем Лукашэнку падпісваліся, у асноўным, сваякі абвінавачваных.

Нагадаем, што ў пачатку студзеня 2009 года былі арыштаваныя 3 жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна па падазрэнні ў забойстве мясцовага жыхара, ім было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 п. 15 арт. 139 (забойства, здзейсненае групай асобаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

31 снежня 2008 года ў Пухавічах быў выяўлены абпалены труп раней неаднаразова судзімага, у тым ліку і за падпалы, мясцовага жыхара.

Было выяўлена, што яму было нанесена некалькі смяротных удараў абухом сякеры па галаве, потым труп быў падпалены.

У лютым пасля асабістага ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі забойцам была змененая мера стрымання на хатні арышт.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках