25 снежня 2024, Серада, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: «У судовай сістэме існуе кругавая парука»

5

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 рашэнне Менскага гарадскога суду аб прызнанні «законным» прызыва ў армію яго сына Франака.

«Гэта было, у прынцыпе, прадказальна - у судовай сістэме існуе кругавая парука. Я выказваў здагадку, што ў суддзяў, можа быць, яшчэ засталіся сумленне і гонар – але тое, што яны пакінулі ў сіле рашэнне суду Савецкага раёна, які прызнаў прызыў Франака законным, гэтага можна было чакаць», - сказаў ён.

Палітык адзначыў, што суддзя Наталля Жупікава, якая зараз вынесла вердыкт, яшчэ ў кастрычніку 2003 года парушала правы Франака Вячоркі.

«Тым больш, што разглядала справу суддзя Жупікава. Яна ў свой час «дапамагла» зачыніць коласаўскі ліцэй, у якім тады вучыўся Франак. Як бачым, суддзя Жупікава і зараз працягвае парушаць яго права», - падкрэсліў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Вінцук Вячорка не сумняецца, што Менскаму гарадскому суду было вядома пра неправамернасць рашэння суду Савецкага раёна, і парушэнне закона было свядомым.

«Яны свядома зноў пайшлі на парушэнне закона. Гэта трэба ж – скаржніка не запрасілі на судовае паседжанне! І не толькі не запрасілі, але і зрабілі ўсё магчымае, каб ён на гэтае паседжанне не патрапіў. Я думаю, для суддзяў было пэўным адкрыццём медыцынскае заключэнне пра непрыдатнасць Франака да службы ў арміі, калі наступная камісія прызнала яго прыдатным. А абследаванне афтальмолага ў апошні дзень камісіі наогул было складзена завочна!» - патлумачыў ён.

Палітык таксама паведаміў, што судом не было прыведзена ні аднаго абвяржэння адносна незаконнасці прызыву – гэта было толькі палітычнае рашэнне.

«Акрамя таго, па законе Франака не мелі права забіраць у армію да таго, як рашэнне суду ўступіць у законную сілу… Суддзі даволі доўга радзіліся, дзесьці паўгадзіны. Я ужо не ведаю, што яны там абмяркоўвалі, але ні аднаго абвяржэння маіх доказаў яны не прывялі. Таму што крыць жа няма чым! Гэта было чыста палітычнае рашэнне, якое мы, вядома, будзем аспрэчваць у вышэйшых інстанцыях», - адзначыў Вінцук Вячорка.

Нагадаем, 26 лютага Менскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне суду Савецкага раёна, які прызнаў законным прызыў у армію лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячоркі.

16 студзеня Франака Вячорку гвалтоўна затрымалі людзі ў цывільным у палаце ваеннага шпіталя, дзе малады чалавек праходзіў медыцынскае абследаванне. У кайданках Франака прывезлі ў ваенкамат, дзе яму паведамілі, што яго адвязуць у ваенную частку. Там жа вайскоўцы заявілі, што ў іх на руках ёсць вынікі медыцынскага заключэнна пра тое, што Вячорка прыдатны да службы ў арміі. Раней ён меў адтэрміноўку на паўгода з-за аперацыі на вачах і хранічных захворванняў. Франак у ваенкамаце заявіў, што будзе скардзіцца ў суд на незаконныя дзеянні вайскоўцаў і медыкаў, якімі камандавалі людзі ў цывільным.

Пасля гэтага Франака Вячорку вызвалілі, і 19 студзеня ён звярнуўся ў суд Савецкага раёна. Суд накіраваў папярэджанне ў ваенкамат пра тое, што да разгляду скаргі прыпыняецца прызыў моладзевага лідэра ў армію. Але 28 студзеня яго схапілі на вуліцы людзі ў цывільным, збілі спачатку ў машыне, а потым у ваенкамаце і ў кайданках адвезлі ў Баранавіцкую ваенную частку. Бацькам Франака Вячоркі паведамілі, што суд завочна вынес рашэнне аб законнасці прызыву іх сына ў армію.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках