17 чэрвеня 2024, панядзелак, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У дзень прызыву ў армію Франака Вячорку збівалі

5

Ваенная пракуратура пацвердзіла факт збіцця лідэра «Моладзі БНФ» у дзень «прызыву».

Бацька апазіцыйнага актывіста, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка як яго прадстаўнік атрымаў з Менскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры адказ на скаргу ад 29 студзеня.

У адказе, падпісаным намеснікам Менскага міжгарнізоннага ваеннага пракурора падпалкоўнікам юстыцыі А. Васілюком, Вінцуку Вячорку адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць работнікаў ваенкамата Савецкага раёна і «432 Галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра» з прычыны ўжывання імі сілы і перавышэння паўнамоцтваў.

Разам з тым ваенная пракуратура вылучыла з праверкі і накіравала паводле падследнасці ў іншыя следчыя органы матэрыялы аб выкарыстанні супраць Франака Вячоркі сілы «супрацоўнікамі міліцыі (у тым ліку нявызначанымі асобамі ў цывільнай вопратцы)».

Ваенная пракуратура правяла экспертызу Франака Вячоркі ў ваеннай частцы ў Баранавічах:

«Паводле заключэння эксперта № 263 ад 30.01.2009, пры аглядзе Вячоркі Ф.В. 29.01.2009 выяўленыя крывападцёк на пярэдняўнутранай паверхні правага пляча (1), крывападцёк (1) і рана (1) на задняй паверхні правага перадплечча ў праекцыі правага прамянёва-запясцевага сустава, крывападцёкі на тыльным боку правага запясця ў праекцыі цела трэцяй запясцевай косткі (1), на знешняй паверхні левага пляча (1), на задняй паверхні левага перадплечча ў праекцыі левага прамянёва-запясцевага сустава (1), на пярэднезнешняй паверхні правай галёнкі (1). Гэтыя цялесныя пашкоджанні ў колькасці 7 з улікам магчымасці аднамомантавага ўтварэння некаторых з іх з'явіліся ў выніку не менш за 6 траўматычных уздзеянняў тупымі прадметамі (…). Магчымасці з'яўлення вышэйзгаданых цялесных пашкоджанняў у тэрмін і пры акалічнасцях, паказаных самім пацярпелым, не выключаеццаецца».

Адказ міжгарнізоннай пракуратуры пракаментаваў бацька моладзевага лідэра Вінцук Вячорка:

«Мы практычна не сумняваліся, што крымінальную справу не пачнуць. Аднак акалічнасці так званага «прызыву» відавочныя. Спецслужбы – з-за бяздарнасці ці самаўпэўненасці – пакінулі столькі слядоў, у тым ліку на целе майго сына, што праігнараваць усё гэта немагчыма. У адказе міжгарнізоннай пракуратуры пацверджана, што яго білі. Ёсць паказанні сведак, што 16 студзеня яго выводзілі з ваеннага шпіталя невядомыя; што 28 студзеня яго везлі ў ваенную частку ў кайданках. Неабходна спыніць нахабнае бяспраўе. Мы не будзем маўчаць. Гэтую адмову будзем аспрэчваць у інстанцыях».

Нагадаем, што 16 ліпеня 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным для ваеннай службы па стане здароўя. Вячорка атрымаў адтэрміноўку ад службы ў арміі з-за аперацыі на вачах і некаторых хранічных захворванняў. Але яго прымусілі прайсці яшчэ адну камісію, якая прызнала яго прыдатным да службы ў арміі. 17 студзеня Франак Вячорка звярнуўся ў суд з скаргай на дзеянні вайскоўцаў і медыкаў падчас прызыўной кампаніі. Нягледзячы на праблемы са здароўем, суд завочна прызнаў Франака Вячорку прыдатным да службы ў арміі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках