19 траўня 2024, Нядзеля, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі на плошчы Каліноўскага

11

Лідэры Партыі БНФ не дапускаюць магчымасці правядзення акцыі ў Дзень Волі на плошчы Бангалор.

13 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску лідэр Партыі Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі паведаміў, што арганізатары да гэтага часу не атрымалі ад менскіх уладаў адказу на пададзеную ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка ў Дзень Волі. Нагадаем, што акцыю планавалася пачаць у 18.00 ля будынка Акадэміі навук і працягнуць яе шэсцем да Кастрычніцкай плошчы (Каліноўскага).

«Прайшло 37 дзён, як мы падалі заяўку ў Менгарвыканкам, -- заявіў кіраўнік Партыі БНФ. -- Праяву «добрай волі» з боку Менгарвыканкама можна ацаніць хаця б па тым факце, што да сённяшняга дня адказу на нашу заяву мы не атрымалі».

Лявон Баршчэўскі лічыць, што гэта з'яўляецца сведчаннем таго, што беларускія ўлады не змянілі сваіх адносінаў да правядзення масавых акцыяў.

«Улады паводзяць сябе так, як ім уздумаецца, і робяць гэта не паводле закону, а паводле рашэння якога-небудзь начальніка, прынятага ў апошнюю хвіліну, -- сказаў Лявон Баршчэўскі. -- Пра гэта сведчаць мірныя акцыі апошняга месяца. Разагнаная акцыя 16 лютага, калі ўжо праз тры хвіліны на Кастрычніцкай плошчы з'явіўся АМАП і пачаў сілавое падаўленне мірнага пікету».

На думку Лявона Баршчэўскага, падобная агрэсія беларускіх уладаў кажа пра тое, што істытуцыянальных зменаў у Беларусі не адбылося і пакуль не прадбачыцца.

«Улады дзейнічюць па прынцыпе «як захачу, так і зраблю». У законе не зафіксаваныя правы грамадства, якія б паважаліся ўладамі. Правы на той жа мірны сход, мірную дэманстрацыю, мірны пікет», - заявіў палітык.

У той жа час Лявон Баршчэўскі спадзяецца, што 25 сакавіка ўлады выявяць «добрую волю» і мірная акцыя пройдзе без правакацыяў з боку ўладаў.

Як распавёў намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, за ходам правядзення Дня Волі будзе сачыць Еўрапейскі Звяз.

«Менавіта пра гэта мы размаўлялі са шматлікімі міжнароднымі арганізацыямі, дэлегацыямі еўрапейскіх і еўраатлантычных структураў, якія наведвалі Менск у апошні час, -- заявіў Вінцук Вячорка. -- Сярод іншых нагадаю пра прыезд старшыні ПАРЕ Горана Ліндблада; і ён, і іншыя еўрадэпутаты ведаюць пра дзень 25 сакавіка, пра яго традыцыю і пра яго ролю ў нашым палітычным календары, а таксама ведаюць сумны досвед мінулагодняга святкавання 25 сакавіка, і пра ідэйны змест 25 сакавіка. І са спадаром Ліндбладам, і з прадстаўнікамі швецкай Паўночнай Рады, якія таксама былі ў Менску, з прадстаўнікамі міністэрстваў розных краінаў, і з дэлегацыяй ПА АБСЕ, якую ўзначальваў старшыня асамблеі Жаао Суарэш, - мы размаўлялі пра 25 сакавіка. Часам нашыя суразмоўцы самі ўзнімалі гэтае пытанне».

Таксама Вінцук Вячорка паведаміў, што 24-25 сакавіка ў Менск прыедуць дэпутаты фракцыі ХДС у Бундэстагу. Намеснік старшыні Партыі БНФ выказаў надзею, што гэта будзе не адзіная міжнародная дэлегацыя напярэдадні ці ў дзень 25 сакавіка.

Па словах Вінцука Вячоркі, 25 сакавіка беларусы ўдзельнікі акцыі будуць казаць «пра новыя формы палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Палітык адзначыў, што амаль за паўгода, якія даў Еўразвяз Лукашэнку для правядзення ў краіне рэформаў, беларускі дыктатар практычна нічога не зрабіў. Не было змененае выбарчае заканадаўства, па-ранейшаму знішчаюцца свабода слова і выказванняў, грамадзянска-палітычныя свабоды і свабода асацыяцыяў.

Вінцук Вячорка адзначыў, што пакуль «сітуацыя на нулі». Акрамя таго, за час выпрабавальнага перыяду ў Беларусі павечылася колькасць палітвязняў. Акрамя таго, улады пачалі праводзіць схаваныя рэпрэсіі.

«З'явіўся прымусовы прызыў у армію моладзевых актывістаў, не гледзячы на медыцынскія паказанні,-- адзначыў Вінцук Вячорка. -- Гэтыя так званыя «мяккія рэпрэсіі» не менш балючыя, чым былі раней. Яны праводзяцца ў разліку на наіўных ці цынічных замежнікаў, якія падумаюць, што паўсюль прызываюць у войскі, паўсюль звальняюць з працы».

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначыў, што арганізатары Дня Волі не прымуць варыянту Менгарвыканкама правесці шэсце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

«У сваёй заяўцы мы напісалі: «Бангалор не прапаноўваць», -- сказаў ён.

Таксама Віктар Івашкевіч адзначыў, што ў Дні Волі прымуць удзел рэгіёны, а таксама працоўныя беларускіх заводаў.

«Працоўныя МАЗа не ведаюць, куды Лукашэнка пусціць 500 мільёнаў даляраў раейскага крэдыту, -- заявіў Віктар Івашкевіч. -- Але яны са здзіўленнем даведаліся на мінулым тыдні, колькі ім далі зарплаты. Зарплаты ў рублях зменшыліся ад 30 да 50%. Майстры і начальнікі цэхаў патлумачылі людзям, што ў сувязі з крызісам у Расеі жыць будзе толькі горш».

Віктар Івашкевіч лічыць, што прарасейскую палітыку Лукашэнкі можна лічыць злачынствам, накіраваным на зрыў дамоваў з Еўропай.

«Зразумела, што лакаматывам выйсця з крызісу сусветнай эканомікі стануць ЗША і Еўропа, -- кажа Віктар Івашкевіч. -- І арыентацыя на Расею, эканоміка якой сёння абвальваецца, мякка кажучы, недальнабачная».

Як заявіў падчас прэс-канферэнцыі лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, у правядзенні Дня Волі сваю салідарнасць выказалі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, Аб'яднаная грамадзянская партыя на чале з Анатолем Лябедзькам, моладзевыя ініцыятывы і кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч. Пры гэтым рух Аляксандра Мілінкевіча «За свабоду» пакуль што не выступіў з намерам удзельнічаць у мірнай акцыі 25 сакавіка.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч патлумачыў «маўчанне» руху «За свабоду» палітычнай пазіцыяй, якую заняў Аляксандр Мілінкевіч.

«Рух «За свабоду» на сённяшні дзень не выявіў ніякага жадання ўдзельнічаць у акцыі 25 сакавіка, -- сказаў Віктар Івашкевіч. -- Больш за тое, я думаю, гэта звязана з палітычнай пазіцыяй руху. Аднойчы на сойме БНФ Аляксандр Мілінкевіч сказаў: «Нам нельга дапусціць, каб абрынуўся рэжым, таму што пад аскепкамі рэжыму можа загінуць Беларусь. Для захавання незалежнасці Беларусі нам трэба не дапусціць краху рэжыму». Вось такая пазіцыя. Як могуць людзі, якія хочуць не дапусціць краху рэжыму, удзельнічаць у акцыях, накіраваных на змену гэтага рэжыму?»

Лідэр Партыі БНФ таксама агучыў сваю пазіцыю з нагоды магчымага ўступлення Беларусі ва Усходняе партнёрства і запрашэння Лукашэнка на саміт ЕЗ у Празе.

«Нашая пазіцыя зразумелая: мы за ўключэнне Беларусі ў праграму "Усходняе партнёрства", але толькі ў тым выпадку, калі ў краіне адбудуцца істытуцыянальныя змены. Напрыклад, сёння — свабодныя выбары, а заўтра — паўнапраўны ўдзел у партнёрстве», -- заявіў палітык.

Лявон Баршчэўскі адзначыў, што для правядзення свабодных выбараў мала памяняць выбарчае заканадаўства.

«Каб прайшлі свабодныя выбары, мала змяніць выбарчае заканадаўства. Павінна быць створаная іншая атмасфера. Гэта — безумоўнае вызваленне ўсіх зняволеных, за затрыманнямі якіх стаяць палітычныя матывы, безумоўная свабода слова і роўнасць дзяржаўных і недзяржаўных СМІ, прычым не толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Безумоўнае патрабаванне — людзі, якія падпалі пад рэпрэсіі за свае палітычныя перакананні, былі звольненыя з працы, выключаныя з універсітэтаў, павінны вярнуцца на працу і на навучанне. Выбары нам патрэбныя для таго, каб у Беларусі быў парламент, які зможа абараняць людзей, куды кожны можа паскардзіцца і дамагчыся абароны сваіх правоў», — лічыць Л.Баршчэўскі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках