У Таліне адкрытая мемарыяльная дошка ў гонар БНР (Фота)
3- 26.03.2009, 10:00
На будынку па вуліцы Вене, дзе з 1920 па 1925 годы размяшчалася ваенна-дыпламатычная місія БНР, адкрытая мемарыяльная дошка.
У Таліне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 91-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе БелаПАН.
Як паведаміў студэнт Тартускага ўніверсітэта Ігар Случак, 25 сакавіка ў гістарычным цэнтры эстонскай сталіцы прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку па вуліцы Вене, дзе з 1920 па 1925 годы размяшчалася ваенна-дыпламатычная місія БНР у Эстоніі пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Алега Корчака-Крыніцы-Васількоўскага. З вітальным словам да тых, хто сабраліся, звярнуліся сябры Рады БНР Юры Юркевіч і Павел Марозаў.
«Корчак-Крыніца-Васількоўскі — як раз той прыклад, які руйнуе ідэалагему савецкага часу, што беларусы — гэта сяляне, людзі без адукацыі. Гэта быў генерал пры двары апошняга расейскага імператара, самы малады генерал царскага войска. Падчас службы ў якасці амбасадара БНР у Эстоніі меў добрыя адносіны з маршалам Фінляндыі Манергеймам і галоўнакамандуючым эстонскага войска Лайдонерам. Таксама ён быў багатым чалавекам, але пры гэтым мецэнатам і філантропам, пры ім падтрымцы ў Таліне было пабудавана дзве царквы. У Таліне ён пражыў да 1940 года, пакуль савецкая ўлада, акупаваўшы Эстонію, яго не расстраляла. Для нас з'яўляецца вялікім гонарам, што ў беларусаў быў такі вялікі амбасадар БНР у Эстоніі», — адзначыў Павел Марозаў, дырэктар беларуска-эстонскай арганізацыі Valgevene Uus Tee («Новы шлях для Беларусі»), сябар Рады БНР.
Намеснік старшыні Аб'яднання беларусаў Вялікабрытаніі і Радыя БНР Мікола Пачкаеў, які прыбыў на адкрыццё памятнай дошкі з Лондану, зачытаў віншаванне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы па выпадку адкрыцця памятнай дошкі ў Таліне і Дня незалежнасці БНР. Яму жа было прадстаўлена права адкрыць памятную дошку.
«Сёння была ўшанаваная яшчэ адна старонка гісторыі беларуска-эстонскіх адносін. З моманту свайго нараджэння Эстонская Рэспубліка і БНР заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго. За незалежнасць Эстоніі са зброяй у руках Асобны атрад БНР пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а Эстонія адной з першых прызнала незалежнасць БНР», — падкрэсліў І.Случак.
На адкрыцці мемарыяльнай дошкі прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары, эстонскія грамадзянскія актывісты, палітыкі. Пасля ў эстонскім парламенце адбыўся прыём у віцэ-спікера Крысціны Оюланд па выпадку Дня незалежнасці БНР. У адной з залаў парламента прайшоў круглы стол з удзелам дэпутатаў эстонскага парламента і беларусаў на тэму двухбаковых адносінаў. На сустрэчы прысутнічалі таксама кіраўнікі двух парламенцкіх груп па супрацоўніцтве з Беларуссю. Першую прадстаўляў прэзідэнт парламенцкай працоўнай групы па Беларусі дэпутат парламента ад Партыі рэформаў Сельвер Мейкар (узначаленая ім група пераследуе мэту развіцця дэмакратыі ў Беларусі), а другую старшыня міжпарламенцкай працоўнай групы «Эстонія — Беларусь», дэпутат ад цэнтрысцкай партыі Ўладзімір Вельман.
Ініцыятарам і арганізатарам урачыстых мерапрыемстваў была Valgevene Uus Tee.


