МУС: Дзеці нармальна паставяцца да ўвядзення «каменданцкай гадзіны»
16- 27.03.2009, 11:59
Міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант міліцыі Ўладзімір Навумаў упэўнены, што дзеці да 14 год павінныя ў начны час знаходзіцца пад наглядам бацькоў, і ім пойдзе на карысць «каменданцкая гадзіна».
«Я думаю, што самі дзеці нармальна паставяцца да гэтага», - сказаў У.Навумаў у Менску, адказваючы на пытанні журналістаў аб перспектыве магчымага ўвядзення абмежавання на знаходжанне дзяцей без суправаджэння дарослых па-за межамі хаты ў начны час.
«Наперадзе лета, і актуальным з'яўляецца пытанне бяспекі непаўнагадовых», - цытуе міністра «Інтэрфакс».
Разам з тым У.Навумаў лічыць, што «дзеці да 14 год у культурных шчасных бацькоў у вячэрні і начны час знаходзяцца пад наглядам».
Міністр таксама падкрэсліў, што ён не лічыць, што ўвядзенне так званай «каменданцкай гадзіны» для Беларусі не будзе новай ініцыятывай.
«І зараз ёсць рэгіёны ў Беларусі, дзе без нагляду дарослых дзеці, непаўнагадовыя не павінныя знаходзіцца без нагляду ў начны час у грамадскіх месцах», - сказаў У.Навумаў.
Як раней паведамлялася, Генеральнай пракуратурай разглядаецца магчымасць занясення змен у заканадаўства, датычных забароны дзецям да 14 год у начны час знаходзіцца ў грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых.