23 лiстапада 2024, Субота, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка пагаварыў з кіраўніком МЗС Гішпаніі пра «прыстойнасць». Пра палітвязняў не ўзгадалі

8

Мігель Анхел Марацінас выступіў за зняццё санкцыяў з беларускіх чыноўнікаў.

Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак сустрэўся з кіраўніком МЗС Гішпаніі Мігелем Анхелем Марацінасам, паведамляе «Інтэрфакс».

«Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мы хацелі б мець самыя добрыя адносіны з нашым суседам - Еўрапейскім Звязам. Пагадзіцеся, што жыць у 21 стагоддзі і глядзець адзін на аднаго праз плот - перспектыва таксама не зусім прыстойная», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік выказаў надзею, што падчас свайго візіту ў Менск кіраўнік МЗС Гішпаніі зможа «сваімі вачыма пераканацца, у якім накірунку рухаецца гэтая цэнтральнаеўрапейская дзяржава, размешчаная ў цэнтры Еўропы».

Ацэньваючы двухбаковыя адносіны паміж краінамі, А.Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ўзаемнага гандлю.

«Таваразварот у 200 млн даляраў не можа ні нас, ні вас задавольваць, таму што патэнцыял нашых дзяржаваў значна большы», - адзначыў беларускі кіраўнік. Ён выказаў асаблівую падзяку «ураду Гішпаніі, краіне за тую каласальную дапамогу, якую вы аказваеце нам у пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, аздараўленні нашых дзяцей. Гэта дарагога варта», - заявіў Лукашэнка.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Гішпаніі сказаў:

«Гэта першы візіт гішпанскага міністра ў Беларусь, і для мяне гістарычны візіт».

Ён перадаў Лукашэнку «самыя цёплыя вітанні ад караля Гішпаніі Хуана Карласа I і прэм'ер-міністра краіны».

Гішпанскі міністр адзначыў, што «Беларусь знаходзіцца ў самім цэнтры Еўропы».

«Таму, натуральна, што для Гішпаніі, якая старшынюе ў Радзе Еўропе і ў будучыні будзе старшыняваць у Еўрапейскім Звязе, важна ўсталяваць кантакты з вашай краінай», - сказаў М.Марацінас.

Акрамя таго, заявіў кіраўнік МЗС Гішпаніі, «вашае знаходжанне ў Еўропе мяркуе падвойнае суседства. Добра, што ў вас склаліся цудоўныя адносіны з Расейскай Федэрацыяй, і ў вас ёсць шанец мець такія ж адносіны і з Еўрапейскім Звязам», - заявіў М.Марацінас.

Таксама сёння кіраўнік МЗС Гішпаніі сустрэўся з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Пасля сустрэчы Марацінас заявіў, што Гішпанія вельмі зацікаўленая ў тым, каб яе старшынства ў Еўразвязе пачалося з поўнай нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ.

Па словах дыпламата, Гішпанія таксама зацікаўленая ў тым, каб падчас яе старшынства ў ЕЗ, якое пачнецца 1 студзеня 2010 года, была падпісаная першая базавая дамова паміж Беларуссю і Еўразвязам, якая вызначае адносіны бакоў.

«Каб гэта адбылося, мы павінны цалкам скончыць з санкцыямі, якія з'яўляюцца механізмамі ўчорашняга дня, — адзначыў М.Марацінас. — Мы выступаем за дыялог і задаволеныя, што нашы высілкі па ўключэнні Беларусі ва Усходняе партнёрства ўвянчаліся поспехам».

«Я выкарыстаў гэты візіт, каб яшчэ раз заявіць пра нашую падтрымку збліжэння Беларусі і Рады Еўропы, — сказаў дыпламат. — Разлічваем, што ў хуткім часе Беларусь ізноў атрымае статут спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ».

Гішпанскі дыпламат падкрэсліў, што ў будучыні Беларусь павінна стаць паўнавартасным чальцом Рады Еўропы.

Адзначым, што 20 сакавіка Еўразвяз уключыў Беларусь у праграму Усходняе партнёрства.

Дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова выказваліся пра тое, каб Еўразвяз праводзіў «паслядоўную» палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска. А менавіта, прытрымліваўся тых 12 умоваў, якія былі пастаўленыя перад беларускімі ўладамі Еўропай.

За 6 месяцаў так званай «лібералізацыі» у Беларусі з'явіліся новыя палітвязні, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі за свае палітычныя погляды.

У лютым 2009 года ў Беларусі былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, Уладзімір Асіпенка і актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі. Аўтуховіч і Лявонаў – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. Дубскі раней быў асуджаны па знакамітай «справе 14-ці».

7 сакавіка скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, прысуджаная за некалькі дзён раней да 2,5 гадоў абмежавання волі.

Застаюцца абмежаванымі ў правах прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў актывісты апазіцыі Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў, Максім Дашук і Аляксандр Баразенка.

Заўвага www.charter97.org: Вядома, што ў цяперашні час Гішпанскі суд спрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць шэрагу чыноўнікаў з адміністрацыі экс-прэзідэнта ЗША Джорджа Буша, падазраваных у саўдзельніцтве ў правядзенні катаванняў у амерыканскай турме Гуантанама.

Цікава, ці будзе Гішпанскі суд паслядоўны? Ці будзе ўзбуджаная крымінальная справа супраць беларускіх чыноўнікаў, якія падазраюцца ў выкраданнях і магчымых забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста, а таксама за незаконныя арышты і катаванні беларускіх дэмакратаў?

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках