Пракурор запатрабаваў прысудзіць забойцаў «падпальшчыка» да 14 гадоў турмы (Фота)
7- 13.04.2009, 14:02
«Гучная справа» ідзе да развязкі – абвінаваўца запатрабаваў для забойцаў аднавяскоўца суровае пакаранне.
У Гомельскім абласным судзе 13 красавіка скончылася судовае следства па абвінавачванні чатырох жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна ў наўмысным забойстве аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча. Апошняга падазравалі ў здзяйсненні падпалаў у вёсцы.
Дзяржаўны абвінаваўца палічыў цалкам даказанай віну двух абвінавачваных па пункце 15 часткі 2 артыкулы 139 КК Беларусі. Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча пракурор запатрабаваў прысудзіць да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ двое, у тым ліку 21-гадовая раней судзімая дзяўчына, абвінавачваюцца ў саўдзеле ў забойстве. Таццяну Юхневіч абвінаваўца запатрабаваў прысудзіць да 8,5 гадоў, а Аляксандра Пятрученю - да 8 гадоў арышту.
Адвакатка аднаго з абвінавачваных падала хадайніцтва з просьбамі некалькіх жыхароў вёскі Пухавічы ўжыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Нагадаем, што 31 снежня 2008 года ў Пухавічах быў знойдзены абпалены труп раней неаднаразова судзімага, у тым ліку і за падпалы, мясцовага жыхара. Было выяўлена, што яму было нанесена некалькі смяротных удараў абухом сякеры па галаве, потым труп быў падпалены.
10 студзеня па падазрэнні ў забойстве былі затрыманыя трое мясцовых жыхароў — 1972, 1974 і 1985 гадоў нараджэння. Іх змясцілі ў следчы ізалятар, аднак 6 лютага, пасля асабістага ўмяшання Аляксандра Лукашэнкі, мера стрымання была змененая на хатні арышт.
24 лютага абвінавачванне ў забойстве было прад'яўлена 21-гадовай жыхарцы Пухавічаў, якая раней была асуджаная за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў сужыцелю і адбывала пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

Злева направа: Аляксандр Пятручэня, Ігар Макарэвіч, Таццяна Юхневіч, Сяргей Аліфяровіч

Абвінавачваных у судзе не ўсаджваюць у «клетку»