24 лiстапада 2024, Нядзеля, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазыцыя хоча прайсці Чарнобыльскі шлях па праспекце Незалежнасці

8

Арганізатары акцыі зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбаю дазволіць правесьці шэсьце па праспекце Незалежнасьці.

Аб гэтым лідэры Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і Вінцук Вячорка паведамілі на прэс-канфэрэнцыі, што адбылася сёньня ў Менску.

Падчас перамоваў з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму ім было забаронена праводзіць шэсьце па заяўленым маршруце: праспект Незалежнасьці - Харужай - Багдановіча - Кульман - Чарнобыльская капліца. Замест гэтага заяўнікам прапанавалі прайсьці па вуіцы Сурганава да плошчы Бангалёр.

«Мы прадбачылі такую рэакцыю Менгарвыканкаму, таму загадзя падрыхтавалі заяву, якую і зачыталі падчас сустрэчы. У заяве мы сказалі, што правядзеньне шэсьця з колькасьцю ўдзельнікаў у адну тысячу чалавек у горадзе Менску па тратуары вуліцы Сурганава немагчымае ў сувязі з адсутнасьцю праходаў і тратуараў, а таксама наяўнасьцю стаянак аўтатранспарту», - сказаў Лявон Баршчэўскі.

У сувязі з гэтым заяўнікі папрасілі гарадзкі выканаўчы камітэт да 21 красавіка прапанаваць арганізатарам акцыі Чарнобыльскі шлях маршрут руху ў заяўленым кірунку, дзе шырыня паласы праходы дэманстрантаў не была б меншая за 3,5-5 мэтраў.

«Яшчэ пасьля акцыі 25 сакавіка мы зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбаю пакараць тых чыноўнікаў, якія рыхтуюць такія заявы і пасылаюць людзей на вуліцу, па якой нельга прайсьці», - дадаў Вінцук Вячорка.

Заяўнікі спадзяюцца, што колькасьць дэманстрантаў перавысіць колькасьць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка, зазначыў палітык.

«Акцыя Чарнобыльскі шлях традыцыйная, і на яе прыходзяць ня толькі дэмакратычныя актывісты, але і рэальныя чарнобыльцы», - паведаміў Вінцук Вячорка.

Месца і час пачатку акцыі застаюцца нязьменнымі - 26 красавіка, 12:00, пляцоўка каля Акадэміі Навук.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках