24 лiстапада 2024, Нядзеля, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АМАП супраць удзельнікаў акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Менску (Фота, відэа)

35

Супрацоўнікі менскага АМАПа не дазволілі правесці мірную акцыю «Чарнобыльскі Шлях» у цэнтры Менска.

Збор удзельнікаў акцыі быў дазволены на пляцоўцы каля Акадэміі навук. У 12.00 тут сабраліся каля паўтарох тысяч чалавек. Дэманстранты ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі, разгарнулі расцяжкі «Мы супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС», «Не новаму Чарнобылю», «Вярніце ільготы», «Не хімічнаму Чарнобылю», «Не заводу атрутахімікатаў пад Менскам», «Мы супраць ядзернага рэактара». Луналі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў Еўрапейскага Звяза.

У акцыі прынялі ўдзел лідэры беларускай апазіцыі: каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, лідэры Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, лідэр кампаніі «Джынс за свабоду» Яўген Афнагель, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, сустаршыня партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, вядомыя навукоўцы, удзельнікі ліквідацыі аварыі на «Чарнобыльскай АЭС.

На Акадэміі навук прайшоў кароткі мітынг, на якім выступілі лідэры Партыі БНФ і сябар-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка, якія заклікалі ўлады не замоўчваць на дзяржаўным узроўні рэальныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы, вярнуць ільготы ліквідатарам і пацярпелым, не будаваць АЭС у Беларусі.

Далей перад удзельнікамі акцыі паўстала пытанне, якім чынам дайсці да Чарнобыльскай капліцы, дзе планавалася правесці набажэнства. Нагадаем, што раней у адказ на заяўку лідэраў Партыі БНФ у Менгарвыканкаме заяўнікам Чарнобыльскага Шляха паведамілі, што калона дэманстрантаў можа прайсці ад будынка прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук праз кінатэатр «Кастрычнік» па вуліцах Хмяльніцкага, Куйбышава, Сурганава на плошчу Бангалор да Чарнобыльскай капліцы.

Арганізатары Чарнобыльскага Шляха палічылі прапанаваны ўладамі маршрут акцыі – непрымальным і заявілі аб намеры правесці шэсце ад будынка прэзідыўма Акадэміі навук па праспекце Незалежнасці, плошчы Якуба Коласа, вуліцах Веры Харужай, Багдановіча, Кульман, Карастаянавай да Чарнобыльскай капліцы.

Перад пачаткам шэсця да Чарнобыльскай капліцы лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заклікаў міліцыю не перашкаджаць праходу калоны дэманстрантаў па праспекце Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа, а пасля па вуліцах Харужай, Багдановіча і Карастаянавай, дзе знаходзіцца царква, паколькі прайсці такой колькасці людзей па вуліцы Сурганава, дзе праходзіць рамонт, немагчыма. Аднак прадстаўнікі ГУУС Менгарвыканкама адмовіліся пайсці на сустрэчу арганізатарам, заявіўшы, што шэсце па праспекце Незалежнасці забароненае.

У 13:00 намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч абвясціў аб пачатку шэсця. Каля 1,5 тысячы чалавек перайшлі вуліцу па падземным пераходзе і сталі каля кінатэатра «Кастрычнік» па праспекце Незалежнасці. Арганізатары акцыі заклікалі маніфестантаў накіравацца ў бок плошчы Якуба Коласа, адкуль прайсці да Чарнобыльскай капліцы. Аднак супраць удзельнікаў шэсця быў выстаўлены кардон з некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў АМАПа, экіпіяваных дубінкамі.

Намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкама папярэдзіў намстаршыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча аб адказнасці за парушэнне правілаў правядзення масавай акцыі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў патрабавалі, каб удзельнікі акцыі прайшлі па вуліцы Сурганава на вуліцу Хмяльніцкага. На сцвярджэнне Івашкевіча, што па дазволеным Менгарвыканкамам маршруце немагчыма прайсці з-за рамонту дарогі, прадстаўнікі міліцэйскага начальства не адрэагавалі. Каля 100 чалавек на чале з лідэрам «Маладой Беларусі» Артурам Фінькевічам накіраваліся ў бок кардона амапаўцаў. Астатнія дэманстранты засталіся на месцы.

Відэа Радыё Свабода

Віктар Івашкевіч заклікаў маніфестантаў не паддавацца на правакацыі спецслужбаў: «Вы бачыце, што ўлады выставілі АМАП супраць мірнай акцыі, -- звярнуўся да ўдзельнікаў шэсця намеснік старшыні Партыі БНФ. – Я заклікаю вас не паддавацца на правакацыі і накіравацца па афіцыйным маршруце Сурганава – Хмяльніцкага – Карастаянавай-Чарнобыльская капліца».

Для пазбягання правакацый з боку ўлад маніфестанты накіраваліся па маршруце, дазволеным Менгарвыканкамам. На вуліцы Сурганава ў раёне трамвайных шляхоў група моладзі, якая называе сябе анархістамі, адстала ад калоны і заявіла, што накіроўваецца сваім маршрутам. Супрацоўнікі АМАПа ачапілі анархістаў у кола, пасля чаго тыя далучыліся да астатніх маніфестантаў.

Удзельнікі шэсця накіраваліся ў бок царквы ў гонар абраза Божай маці «Спагнанне загінулых». Па дарозе маніфестанты скандавалі: «Жыве Беларусь!», «Верам, можам, пераможам!», «Уладу – народу! Моладзі - свабоду», «У нас адна дарога – Беларусь ды Бога!». Маніфестантаў суправаджалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПа. За ходам шэсця сачыла машына, якая вяла відэаздымку.

У 14:35 каля Чарнобыльскай капліцы адбылося ўшаноўванне ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Лідэр партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец звярнуўся да маніфестантаў. Ён нагадаў, што ў 1986 годзе амаль уся тэрыторыя Беларусі была заражаная радыяцыяй, і беларускія ўлады дагэтуль хаваюць наступствы катастрофы на ЧАЭС. Севярынец прачытаў малітву «Ойча наш», і пасля абвясціў аб хвіліне маўчання ў гонар загінулых і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Пасля чаго ўдзельнікі «Чарнобыльскага шляха» выканалі беларускі нацыянальны гімн «Магутны Божа».

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках