Акт вандалізму ў Курапатах: Апаганеныя магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (Фота)
10- 3.04.2009, 10:29
У мемарыяльным комплексе Курапаты вандалы апаганілі магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – дасталі чалавечыя парэшткі і раскідалі па зямлі.
Злачынцы раскапалі дзве магілы. Яны дасталі з магілаў парэшткі людзей – косткі, чарапы, вопратку, абутак – і пакінулі іх раскіданымі на пяску, паведамляе «Радыё Свабода».
Увечары 2 красавіка актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ выявіў ва ўрочышчы дзве ямы памерам метр на метр і метр на два з паловай метры, глыбінёй прыкладна ў чалавечы рост.
Злачынцы пакінулі сляды. Відаць, спяшаліся. На месца здарэння прыехаў кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён выказаў меркаванне, што гэта былі так званыя «чорныя капальнікі», якія спадзяваліся знайсці нейкія каштоўныя прадметы.
Сёння зраніцы на месца злачынства прыехаў начальнік РУУС Менскага раёна Віктар Маісееў і яго намеснік Міхаіл Грыб.