У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (Фота)
2- 30.04.2009, 9:37
У сераду ва ўрочышчы Курапаты прайшла традыцыйная акцыя памяці ахвяраў камунізму, якая праходзіць у Беларусі штомесяц.
На акцыю памяці прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, у большасці – моладзь, паведамляе прэс-служба «Маладога фронту».
Людзі запалілі свечкі і паставілі іх пад крыжамі, усклалі кветкі і разам памаліліся. А затым выканалі нацыянальны беларускі гімн «Магутны Божа».
Перад прысутнымі выступіў кіраўнік секцыі «Мемарыял» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык.
«Мэта нашых акцыяў зводзіцца да таго, каб у беларускім календары з'явілася дата памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў – 29 красавіка. Вельмі шкада, што якраз напярэдадні нашай акцыі па Беларусі прайшла чарговая хваля вандалізму. Два крыжы былі падпаленыя тут, у Курапатах. Тры дні таму ў Вілейцы невядомымі знішчаны помнік лідэру антысавецкага супраціву Лапіцкаму, пастаўлены на месцы яго расстрэлу. Акты вандалізму сведчыць пра тое, што карнікі і іх нашчадкі маюць уладу ў гэтай беднай краіне», - адзначыў Сіўчык.