9 траўня ў Варшаве адбыўся парад пад бел-чырвона-белымі сцягамі (Фота)
2- 11.05.2009, 12:48
У Дзень перамогі, калі Мінск з партрэтамі Сталіна святкаваў перамогу над фашызмам, Варшава адзначала пяцігоддзе ўступлення ў Еўразвяз, а таксама 20-цігоддзе дэмакратыі і вольных выбараў.
Парад Шумана, які адбыўся тут ужо ў дзесяты раз, называецца так у гонар Плана Шумана — праекту 1950 года па аб’яднанні каменнавугальнай, жалезаруднай і металургічнай прамысловасці заходнееўрапейскіх краін, які пазней ператварыўся ў сімвал еўрапейскай эканамічнай, палітычнай і нават культурнай інтэграцыі, пішуць «Беларускія навіны».
Да ўдзелу ў святкаванні запрашаліся ўсе, каму блізкая ідэя аб’яднання Еўропы. Мяркуючы па тых, хто крочыў у шматкаляровым шэсці, гэтая ідэя ў сённяшняй Польшчы найбольш хвалюе беларусаў у выгнанні. Беларускія палітуцекачы годна неслі над галовамі белыя сцягі з чырвонай стужкай, у паўтары разы большыя за чырвона-белыя польскія.
— Мы прыйшлі сюды, бо мы неабыякавыя, хочам, каб Беларусь была часткай Еўропы, — сказала адна з удзельніц беларускай дэлегацыі з аднолькавымі вялізнымі нацыянальнымі штандарамі. — Мяне выгналі з Беларусі, таму я жыву тут, але ніколі не зракуся гэтага сцягу.
Адная з асноўных мэтаў грандыёзнага Шуманаўскага шэсця — заахвочванне насельніцтва да ўдзелу ў выбарах у Еўрапарламент, якія маюць адбыцца ўжо 7 чэрвеня.










