23 лiстапада 2024, Субота, 22:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі кіраўнік незадаволены Пуціным

43

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў расейскі ўрад у невыкананні «саюзных» дамоўленасцяў.

Падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў зрыве дамоўленасцяў з Расеяй у межах «саюзнай дзяржавы» вінаваты менавіта расейскі ўрад, паведамляе «Інтэрфакс».

«Прэзідэнты прымаюць рашэнні, а ўрад Расеі правальвае», - заявіў Лукашэнка ў інтэрв'ю журналістам.

Паводле яго словаў, «усё, пра што мы дамаўляемся, падпісваем на самім высокім узроўні - усё блакуецца, не выконваецца».

«Калі пачынае блакаваць Расея і не пускаць нас на свой рынак, дык навошта нам гэтая інтэграцыя», – сказаў беларускі кіраўнік.

Пры гэтым ён падкрэсліў: «Але не я вінаваты ў гэтым». «Нас абвінавачваюць, што мы ўдзельнічаем ва Усходнім партнёрстве, развіваем адносіны з Захадам. А што нам рабіць?», - сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў, што на найбліжэйшым паседжанні саўміна «саюзнай дзяржавы» у Менску будуць разгледжаныя існуючыя праблемы ў двухбаковых адносінах. Ён таксама дадаў, што кіраўнік расейскага ўрада Уладзімір Пуцін папрасіў яго пра сустрэчу.

Нагадаем, што прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі абвінаваціў Расею ў невыкананні антыкрызісных праграмаў, а спікер «палаты прадстаўніку» Барыс Батура - у ціску ў пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і зрыве іншых інтэграцыйных намераў. Так ён адрэагаваў на нядаўнюю заяву спікера Дзярждумы РФ Барыса Грызлова, што «Беларусь занадта доўга рыхтуецца да прызнання Абхазіі».

Сяргей Сідорскі, сустракаючыся ў Менску з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Паўлам Барадзіным напярэдадні «саюзнага» саўміна, які мае адбыцца, заявіў, што РФ тармозіць выкананне сумеснага антыкрызіснага плану ў той яго частцы, дзе гаворка ідзе пра допуск беларускіх вытворцаў да сістэмы дзяржзакупак у Расеі.

«Да сённяшняга дня Рассельгасбанк не крэдытуе беларускую тэхніку», - сказаў Сідорскі.

Батура таксама абвінаваціў Расею ў тым, што яна юрыдычна не замацавала «дамоўленасці па разліках за газ і адмену штрафных санкцыяў за недабор запланаваных аб'ёмаў яго паставак», не адмяніла мытную пошліну на нафту, якая «цалкам супярэчыць раней падпісаным дакументам і самой канцэпцыі «саюзнай дзяржавы».

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках