23 снежня 2024, панядзелак, 22:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд адмовіўся прызнаць «Archе» экстрэмісцкім выданнем

7 мая ў абласным судзе Брэста адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста аб прызнанні шэрагу публікацый у часопісе «Arche» «экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню».

Справа вернутая на паўторны разгляд у суд Маскоўскага раёну Брэста, паведамляе «Наша Ніва».

Перасуд быў прызначаны на 6 красавіка, але перанесены на 7 мая па ініцыятыве судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда.

Рэдактар часопісу «Archе» Валер Булгакаў, які прысутнічаў на працэсе, адзначыў, што суддзі карысталіся ў часе працэсу беларускай мовай. Судовая нарада доўжылася ўсяго 5 хвілінаў. Гэта можа азначаць, што рашэнне было перадвызначаным.

Нагадаем, 25 лютага суддзя Маскоўскага раёна Брэста Тацяна Міранюк задаволіла заяву упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці ад 30 снежня 2008 г. аб прызнанні выдання экстрэмісцкім.

«…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь», — сцвярджалася ў заяве за подпісам начальніка УКДБ, палкоўніка Леаніда Дзядкова.

Меліся на ўвазе артыкулы палітолагаў, прысвечаныя палітычнай сітуацыі ў Беларусі і выбарам 2008 году. Слуханні тады праходзілі ў закрытым рэжыме і доўжыліся ўсяго адну гадзіну.

«Arche» — адно з апошніх беларускамоўных і адначасова адно з усяго некалькіх апазіцыйных выданняў, што захаваліся. Дзякуючы сваёй якасці, «Arche» адзіным з беларускіх выданняў далучанае да еўрапейскае сеткі інтэлектуальных часопісаў «Eurozine».

Рэдактар часопісу «Archе» задаволены рашэннем калегіі Брэсцкага абласнога суда. На ягоную думку, канчатковая перамога часопіса стала б важным прэцэдэнтам для абароны права на свабоду выказвання і меркавання.

У справе «Arche» запыт у беларускі МЗС дасылаў офіс упаўнаважанага па свабодзе СМІ пры АБСЕ. Гэтую справу перад беларускімі ўладамі ўзнімалі таксама дыпламаты краінаў Еўрасаюзу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках