27 лiстапада 2024, Серада, 14:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Курапатах перапахавалі апаганеныя парэшткі ахвяраў сталінізму (Вiдэа)

Пры правядзенні перапахавання ўзнікла затрымка, звязаная з патрабаваннем супрацоўнікаў міліцыі праверыць металадэтэктарам змесціва пахавальнай скрыні.

Перапахаванне парэштак ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы Курапаты на паўночна-усходняй ускраіне Менска адбылося 9 чэрвеня, паведамляе БелаПАН.

У пачатку красавіка ва ўрочышчы былі выяўленыя два апаганеныя пахаванні. Злачынцы пакінулі на зямлі парэшткі людзей, а таксама рэшткі іх адзення і абутку. Па гэтым факце 4 красавіка АУС Менскага райвыканкама ўзбудзіла крымінальную справу па ч. 1 арт. 344 УК (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў ці матэрыяльных аб'ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці). Гэтае злачынства караецца грамадскімі працамі, альбо штрафам, альбо арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Справа была перададзеная ва УУС Менскага аблвыканкама, дзе старэйшы дазнаўца Сяргей Паляк падоўжыў тэрмін яе разгляду спачатку да 4 чэрвеня, а затым да 4 ліпеня.

Як адзначыў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, у межах крымінальнай справы парэшткі пяці чалавек былі перададзеныя на судова-медыцынскую экспертызу, а 4 чэрвеня — старшыні таварыства для перапахавання. Паводле яго словаў, у адказ на зварот у Міністэрства культуры быў атрыманы дазвол на правядзенне перапахавання парэштак у той курапацкай магіле, з якой яны былі выкінутыя вандаламі.

Каля 30 удзельнікаў перапахавання — прадстаўнікі мемарыяльнай секцыі таварыства аховы помнікаў і моладзевых арганізацыяў, а таксама былыя вязні ГУЛАГа і іх сваякі — ушанавалі хвілінай маўчання памяць бязвінных ахвяраў сталінізму.

Праваслаўны святар айцец Леанід Акаловіч правёў малебен. Цырымонія суправаджалася спевамі беларускага нацыянальнага адраджэння і праходзіла пад бел-чырвона-белымі сцягамі з жалобнымі стужачкамі.

Пры правядзенні перапахавання ўзнікла 15-хвілінная затрымка, звязаная з патрабаваннем праваахоўных органаў праверыць металадэтэктарам змесціва пахавальнай скрыні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках