25 снежня 2024, Серада, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка-еўракамісару: «Фінансавыя рэсурсы і крэдыты для нас найважнейшы фактар»

41

Беларускі кіраўнік заявіў пра наяўнасць ўмоваў для развіцця партнёрскіх адносінаў з Еўразвязам.

«Мы шчыра, хаця камусьці гэта і не падабаецца, хочам пабудаваць з вамі добрыя адносіны», - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Менску, сустракаючыся з камісарам Еўразвяза па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер.

«Думаю, што вы не пашкадуе, што прыехалі ў Беларусь», - сказаў А.Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў: «Я б вельмі прасіў, каб мы правялі абсалютна сумленную і адкрытую размову», перадае «Інтэрфакс».

Беларускі дыктатар заявіў, што «ёсць палітыкі, якія лічаць, што Лукашэнка вядзе нейкую гульню з Еўропай, што ён такі-сякі, і ён нічога не збіраецца змяняць у краіне і ў адносінах з Еўропай». «За ўсе гады прэзідэнцтва я ніколі не дазволіў сабе паводзіць несумленна. Можа быць, я не падобны на дыпламата ў белай кашулі, але лічу, што палітыка павінна насіць шчыры характар. Нават калі табе сёння невыгадна, дык лепш сказаць праўду, таму што праз некаторы час усё роўна выкрыецца хлусня, і з сітуацыі будзе выходзіць вельмі складана», - адзначыў А.Лукашэнка.

У гэтай сувязі, «калі ў вас будуць нават няёмкія пытанні, дык я гатовы на іх сумленна адказаць», заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго словаў, «ад гэтай сустрэчы залежыць вельмі шмат». «Чаго мы хочам ад Еўропы? Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь - не толькі геаграфічны цэнтр гэтага кантынента, што тут жывуць вельмі прыстойныя, сумленныя, працавітыя людзі. Што тут існуе суверэнная незалежная дзяржава», - сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што «гэты вялікі здабытак любога народа, і рабіць замах на суверэнітэт і незалежнасць, як бы гэта некаму не хацелася, мы дазволіць не можам». «Мы хацелі б нармальных адносінаў з еўрапейскім кантынентам», - заявіў беларускі кіраўнік.

А.Лукашэнка падкрэсліў, што «Еўрапейскі звяз - наш сусед, палова тавараабарота прыходзіцца на ЕЗ, дзе гандлёвае сальда для нас станоўчае». «Вы вельмі тэхналагічныя. Гэта (ЕЗ - ІФ) - самы тэхналагічны цэнтр планеты. У нас таксама эканоміка высокатэхналагічная, і мы не можам без супрацоўніцтва з вамі далей развіваць эканоміку», - адзначыў А.Лукашэнка.

Акрамя таго, паводле яго словаў, «фінансавыя рэсурсы, крэдытаванне, фінансаванне - таксама для нас найважнейшы фактар».

«А што мы пакладзем на шалі ў адносінах з Еўропай?» - спытаў ён. «Еўропа не можа быць без свайго сэрца (Беларусі - ИФ). Больш за тое, мы - звяно, якое злучае, мост паміж такімі монстрамі, як Еўразвяз і Расея», - сказаў А.Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што «праз нашую краіну праходзяць асноўныя артэрыі па нафце, прыродным газе, з Расеі ў Еўропу, а таксама аўтамабільныя, чыгуначныя зносіны». «Усё гэта ў добрым стане, у значна лепшым стане, чым у нашых суседзяў», - заявіў Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на пытанні забеспячэння бяспекі: «Гэта вельмі актуальна зараз, і мы ніколі не мелі нараканняў з вашага боку, што мы не забяспечваем асноўныя элементы бяспекі Еўразвяза. Мы заўсёды актыўна змагаемся з нелегальнай міграцыяй, наркатрафікам, транзітам радыёактыўных матэрыялаў», - заявіў кіраўнік.

А.Лукашэнка таксама канстатаваў, што «у нас абсалютна стабільнае становішча ў краіне, у нас няма ніякіх міжканфесійных, міжнацыянальных канфліктаў». Беларускі кіраўнік лічыць, што «гэта стварае тую аснову, на якой мы можам будаваць нашыя адносіны».

У сваю чаргу Ферэра-Вальднер заявіла, што «гэта першы візіт камісара ЕЗ у Менск». На што А.Лукашэнка сказаў: «Дай бог, не апошні».

Паводле словаў еўракамісара, «гэты візіт мае сімвалічнае значэнне». «Ён сімвалізуе наяўнасць патэнцыялу, які існуе ў нашых адносінах», - адзначыла Б.Ферэра-Вальднер.

«Мы знаходзімся на скрыжаванні шляхоў у Еўропе. Нашае ўзаемадзеянне павінна ажыццяўляцца на вуліцы з двухбаковым рухам. Калі такі рух будзе ажыццяўляцца з вашага боку, дык патэнцыял, які існуе ў нашых адносінах, будзе рэалізаваны», - сказала камісар ЕЗ.

Б.Ферэра-Вальднер нагадала, што «краіны-чальцы ЕЗ раней звярнуліся да Беларусі з заклікам аб выкананні шэрагу просьбаў».

«Некаторыя з іх былі выкананыя, і гэтыя крокі дазволілі еўрапейцам пераасэнсаваць іх падыходы да вашай краіны», - сказала еўракамісар.

Пры гэтым яна дадала: «Мы таксама вымушаныя канстатаваць, што некаторыя пажаданні ўсё яшчэ не выкананыя». «Я б хацела падкрэсліць, што, калі будзе наяўнасць жадання з вашага боку, дык і будзе наяўнасць гатоўнасці з нашага боку наладжваць нашае супрацоўніцтва», - заявіла Б.Ферэра-Вальднер.

«Мы паважаем ваш суверэнітэт, ведаем вашую гісторыю і разумеем, як нялёгка быць мастом паміж Усходам і Захадам», - адзначыла камісар ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках