19 траўня 2024, Нядзеля, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беніта Ферэра-Вальднер: Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязняў

16

Камісар Еўразвяза заяўляе, што беларускія ўлады зрабілі недастаткова крокаў у накірунку лібералізацыі.

Перад сваім візітам у Менск, які адбудзецца 21 чэрвеня, Беніта Ферэра-Вальднер распавяла ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» пра ўмовы, якія ставіць Еўразвяз перад афіцыйным Менскам.

– Лукашэнка прызнаўся ў нядаўнім інтэрв'ю расейскім СМІ, што падчас сустрэчы з Хаўерам Саланам у Менску ў лютым, ён спытаў у высокапастаўленага прадстаўніка Еўразвяза, ці гатовы Еўразвяз замяніць Расею для Беларусі. Салана, паводле беларускага кіраўніка, адказаў «не». Калі Лукашэнка спытае вас, што Еўразвяз можа зрабіць для Беларусі цяпер, калі яе адносіны з Расеяй становяцца ўсё больш напружанымі, што вы адкажаце?

– Я паўтару тое, што ўжо казала шмат разоў: Еўрасаюз мае мноства прапановаў для Беларусі. Калі Беларусь вырашыць ісці далей па шляху рэформаў да большай дэмакратычнасці і павагі да правоў чалавека і да большай адкрытасці, Еўразвяз гатовы адказаць на гэта станоўча і дапамагчы Беларусі, чым толькі зможа. Усе прывілеі, якія прапануюць нашыя Еўрапейская палітыка суседства і Усходняе партнёрства, безумоўна, могуць стаць даступнымі для Беларусі. Аднак я хацела б падкрэсліць, што Еўразвяз не гуляе ў гульні з нулявой сумай, і што гаворка не ідзе пра выбар адной краіны перад другой. Мы так не паступаем, паколькі мы верым, што трэба весьці адкрыты дыялог з усімі нашымі партнёрамі, так што тут ніколі не будзе выбару — ці Расея, ці Еўразвяз. Беларусі патрэбныя добрыя адносіны як з адным бокам, так і з другім.

– Якія палітычныя рэформы Беларусь павінна зрабіць у першую чаргу, каб даказаць, што яна на правільным шляху і што яна адпавядае патрабаванням Усходняга партнёрства?

– На працягу апошняга года мы былі сведкамі пэўнага прагрэсу ў Беларусі, які праявіўся ў вызваленні палітычных вязняў, кансультацыях паміж Беларуссю і БДІПЧ па рэформе выбарчага працэсу, вяртанні двух незалежных газетаў («Народная Воля» і «Наша Ніва») у кіёскі і першай сустрэчы з грамадзянскімі арганізацыямі і апазіцыяй для абмеркавання будучыні Беларусі. Гэта былі вельмі станоўчыя крокі. Але мы ставім задачу ясна: трэба зрабіць значна больш, і Беларусь мае перад сабой іншы шлях. Мы хочам бачыць больш прагрэсу ў такіх сферах як свабода СМІ, недзяржаўных арганізацыяў (іх рэгістрацыя павінна быць прасцей і ўмовы працы лепшыя), грамадзянская супольнасць (яна павінна мець права на выказванне сваіх поглядаў без пераследаў і арыштаў). Беларусь таксама павінна вызваліць усіх палітычных вязняў. Мы шчыра хочам бачыць Беларусь як паўнапраўнага партнёра ў палітыцы суседства Еўразвяза і Усходнім партнёрстве.

– Шмат хто з дзеячоў беларускай апазіцыі моцна расчараваны фактам, што Еўразвяз узнавіў афіцыйныя адносіны з беларускім рэжымам у межах Усходняга партнёрства, не чакаючы нейкага істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ці прыкметнага прагрэсу ў бок дэмакратызацыі краіны. Ці ўлічваеце вы пэўную ролю для беларускай апазіцыі ў межах Усходняга партнёрства?

– Як я ўжо сказала, Беларусь зрабіла пэўныя крокі за апошні год, і ў гэтым кантэксце я вітаю станоўчы водгук беларускага ўрада на нашую прапанову распачаць дыялог па правах чалавека – першая сустрэча толькі што прайшла. Мы разумеем, што сітуацыя ў Беларусі далёкая ад ідэальнай, але я шчыра веру, што ангажаванне гэтай краіны – лепшы спосаб, каб ісці наперад. Таму мы запрасілі Беларусь прыняць удзел ва Усходнім партнёрстве. Але паставім пытанне дакладна: крокі насустрач Беларусі з боку Еўразвяза будуць зробленыя толькі тады, калі яна пераканаўча дакажа сваю адданасць ў прасоўванні да дэмакратыі і асноўных свабодаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках