Арыштаваны дырэктар ААТ «Гомельшкло» Юрый Ільеў
5- 5.06.2009, 8:31
Па папярэдняй інфармацыі, буйнога прамыслоўца арыштавалі супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
«Меркавана, ён знаходзіцца ў КДБ», – паведамілі «Беларускаму партызану» у прыёмнай былога дырэктара. Падчас тэлефоннай гутаркі з супрацоўнікамі прадпрыемства высвятлілася, што ў гэты час у кабінеце выконваюччага абавязкі дырэктара знаходзіліся правяраючыя са сталіцы.
У працоўным пасёлку Касцюкоўка, што знаходзіцца ў 12 км ад Гомеля, - паніка. У снежні на «Гомельшкле» павінная была запусціцца новая лінія па выпуску ліставога паліраванага шкла. Аднак на гэтым тыдні з'явілася інфармацыя, што дырэктары «Гомельшкла» Юрыя Ільева арыштавалі. Цяпер па пасёлку ўсё актыўней ходзяць размовы, што новую лінію могуць і не запусціць.
Паводле папярэдняй інфармацыі, дырэктару ААТ «Гомельшкло» прад'явілі абвінавачванне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару. Хоць самі жыхары Касцюкоўкі кажуць, што арышт быў арганізаваны наўмысна. «Працоўныя добра адносіліся да Юрыя Леанідавіча. Людзі шкадуюць, што яго арыштавалі», - распавяла «Беларускаму партызану» пенсіянерка і жыхарка Касцюкоўкі Надзея Паўлаўна.
Юрый Ільеў займаў пасаду дырэктара з 2000 года. Яшчэ месяц таму Юрый Ільеў уваходзіў у сотню самых аўтарытэтных і ўплывовых працаўнікоў шкляной прамысловасці СНД.
У кастрычніку 2008 года курсавала інфармацыя аб продажы пакета акцый ААТ «Гомельшкло» нейкаму буйному інвестару. Дадзенае рашэнне было прынятае на ўзроўні Мінбудархітэктуры. Цалкам магчыма, стыль кіраўніцтва гендырэктара «Гомельшкло» Юрыя Ільева не ўпісаўся ў непразрыстыя інвестыцыйныя планы сталічных чыноўнікаў.
Дарэчы, на «Гомельшкле» гэта ўжо другое надзвычайнае здарэнне, звязанае з дырэктарамі. У 2000 годзе дырэктар Уладзімір Запольскі был застрэлены ў пад'ездзе ўласнага дома.