5 траўня 2024, Нядзеля, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыянерам занялася контрвыведка КДБ

21

Здзекі з лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячоркі у ваеннай частцы ўзмацніліся: яго прымушаюць размаўляць на расейскай мове і ўвесь час робяць ператрусы.

У апошні час афіцэры ваеннай часткі як мінімум шэсць разоў пагражалі Франаку Вячорку ўзбуджэннем крымінальнай справы.

Прычыны для гэта называліся розныя - нібыта ў яго рэчах быў знойдзены мабільны тэлефон, непадпарадкаванне загаду, сімуляцыя абсалютна рэальнай хваробы, вядзенне інтэрнэт-дзённіка, перадае spring96.org.

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, у апошні час на Франака Вячорку аказваюць ціск за тое, што ён размаўляе ў ваеннай частцы на беларускай мове.

Бацька моладзевага актывіста, намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заяўляе, што яго сына «падвяргаюць свядомаму маральна-псіхалагічнаму тэрору», ствараючы невыносную атмасферу для службы ў арміі.

«Ваенны псіхолаг часткі, ён жа штатны дазнаўца, старэйшы лейтэнант Дзяніс Казак пачаў патрабаваць ад Франака паўтараць каманды і адказваць на іх на расейскай мове, -- кажа Вінцук Вячорка. -- Замест «зважай» казаць выключна «смирно». Пры гэтым і Казак, і прапаршчык Піскун, і іншыя прапаршчыкі сталі ўжываць у дачыненні да беларускай мовы розныя абразлівыя вызначэнні: «говори нормально», «говори на нормальном языке». Натуральна, гэта абраза нацыянальнай годнасці і прамое парушэнне канстытуцыйных правоў майго сына і любога беларуса».

Франаку Вячорку загадваюць адказваць на расейскай мове. Старэйшы лейтэнант Казак і намеснік камандзіра часткі па ідэалогіі Уладзімір Ігнацік пагражаюць моладзеваму актывісту крымінальным пераследам за непадпарадкаванне і невыкананне загадаў.

Калі раней не ўзнікала ніякіх праблемаў з тым, што Франак Вячорка аддаваў перавагу адзінай у рэпертуары ваеннай часткі беларускай страявой песне, дык зараз афіцэры сваімі загадамі патрабуюць, каб ён спяваў расейскія песні.

Вінцук Вячорка распавёў пра беспрэцэдэнтны выпадак, які адбыўся ў частцы, дзе служыць яго сын. 21 ліпеня камандаванне часткі выстраіла батальён з некалькіх дзесяткаў салдатаў, якія спявалі расейскую песню. А на адлегласці 20 метраў ад іх асобна паставілі Франака Вячорку, які спяваў песню на беларускай мове.

«Інакш як апартэідам я гэта назваць не магу, -- кажа Вінцук Вячорка. -- Гэта з'яўляецца знявагай, дэманстрацыяй таго, што ён - адзін беларускамоўны. Падкрэсленне яго «непаўнавартаснасці». Такія рэчы, на мой погляд, павінны карацца. Мяне здзіўляе беларускае міністэрства абароны, якое ў нашай арміі дапускае такі здзек з беларусаў і беларускай мовай».

Як заяўляе намеснік старшыні Партыі БНФ, у апошні час у Франака Вячоркі пагоршыўся стан здароўя. Да прызыву ў армію лекары пацвердзілі яму дыягназ «артэрыяльная гіпертэнзія другой ступені». Гэты дыягназ у яго з 15 гадоў, таму ў моладзевага актывіста вельмі высокі ціск. Нягледзячы на гэтую акалічнасць, кіраўніцтва ваеннай часткі вырашыла, што Франак Вячорка сімулюе хваробу.

У сувязі з гэтым у ваенную частку прыходзіў контрвыведнік КДБ у званні падпалкоўніка, які праводзіў апытанне сярод вайскоўцаў і сяржантаў. Контрвыведнік пытаўся, ці не сімулюе Франак Вячорка падвышэнне артэрыяльнага ціску. Пасля дазволу старэйшага лейтэнанта Казака ў частку прынеслі відэакамеру, на якую здымалі ператрус тумбачкі моладзевага актывіста. Там знайшлі нумары газеты «Народная воля» і некалькі пакетаў распушчальнай кавы. Гэтыя «знаходкі» былі канфіскаваныя як забароненыя.

Адзначым, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да ваеннай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладому чалавеку была дадзеная адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 г. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да ваеннай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджанае рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда прымалася ў адсутнасці моладзевага актывіста і яго адваката. У канцы студзеня Франак Вяорка быў гвалтоўна адпраўлены ў армію.

У цяперашні час моладзевы актывіст служыць у вайсковай частцы 48694 СПА ў Мазыры (Гомельская вобласць).

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках