Наступствы патопу ў Менску: праблемы толькі пачаліся (Фота)
15- 27.07.2009, 11:25
Будынкі пасля патопу ў аварыйным стане і патрабуюць рамонту, а гаспадары аўто, якія патанулі, спрабуюць дамагчыся выплаты страхоўкі.
У выніку патопу, які пачаўся з-за ліўня 24 ліпеня, апынуліся затопленыя ўсе аўтамабілі прыпаркаваныя на платнай стаянцы насупраць ГЦ «Паркінг» (вул. Куйбышава), а іх уладальнікі плануюць звяртацца ў суд, паведамляе «Інтэрфакс».
Па словах гаспадароў аўтамабіляў, машыны плавалі ў «возеры», якое ўтварылася, і біліся адна аб адну, уладальнікі аўтамабіляў былі побач, але нічога не маглі зрабіць, бо з-за воды падысці да машынаў было немагчыма, аўтамабілі апынуліся залітыя па вокны. Нягледзячы на тое, што стаянка платная, паркоўшчыкі, па словах уладальнікаў машынаў, не выдавалі квітанцыяў, а як толькі пачаўся лівень, папросту зніклі.
На месцы працуюць супрацоўнікі ДАІ, якія праводзяць агляд пашкоджанняў аўтамабіляў, застрахаваных па поўным КАСАА, уладальнікам жа незастрахаваных машынаў раяць звяртацца з прэтэнзіямі да камунальнікаў.
ГЦ «Паркінг» не пацярпеў ад патопу, у адрозненне ад будынка салона мэблі «Дамавы», у якога вадой заліты ўваход, а супрацоўнікі МНС адпампоўваюць з памяшкання ваду.
Па словах супрацоўнікаў МНС, найбольш цяжкім раёнам стаў раён вул. Няміга, праца па ліквідацыі наступстваў патопу будзе весціся кругласутачна, у ёй задзейнічаныя нават супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў адпачынках.











