24 лiстапада 2024, Нядзеля, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская і расейская зброя дэстабілізуе Цэнтральную Амерыку?

4
Беларуская і расейская зброя дэстабілізуе Цэнтральную Амерыку?

Візіт у Венесуэлу віцэ-прэм'ера РФ Сечына звязаны з пастаўкамі зброі. Чавес быў таксама выкрыты ў набыцці узбраенняў у Беларусі.

Афіцыйна мэтай паездкі ў Венесуэлу віцэ-прэм'ера і старшыні савета дырэктараў кампаніі «Раснафта» Ігара Сечына, паводле звестак крамлёўскага інфармацыйнага агенцтва РИА «Новости», з'яўляецца падрыхтоўка да візіту Уга Чавеса ў Маскву і правядзення міжурадавых перамоваў на высокім узроўні ў Санкт-Пецярбургу, нагадвае выданне «Huffington Post».

Учора Сечын падпісаў з венесуэльскім урадам цэлы шэраг кантрактаў - выгадных для сябе і для Расеі. Агенцтва Bloomberg паведамляе, што Расея і Венесуэла заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве ў энергетычнай, ваеннай і сельскагаспадарчай сферах, у тым ліку, аб стварэнні сумеснага прадпрыемства PDVSA-Services і лацінаамерыканскага філіяла «Газпрама». Што дае гэтая паездка асабіста Сечыну? Разам са сваім калегам з PDVSA Рафаэлем Рамірасам (Rafael Ramirez) ён наведаў нафтавыя радовішчы ў раёне ракі Арынока, якія належалі да экспрапрыяцыі амерыканскай кампаніі ConocoPhillips, і абвесціў пра планы стварэння ў верасні яшчэ аднаго сумеснага прадпрыемства з «Раснафтай» па яго распрацоўцы.

Сумесныя прадпрыемствы і гучныя пагадненні аб супрацоўніцтве - звыклая справа для тых, хто сочыць за расейска-венесуэльскімі адносінамі. Дзве дзяржавы нават стварылі банк развіцця з капіталам у 4 млрд. даляраў. Але аб'ём таваразвароту - калі не лічыць закупак узбраення - па-ранейшаму застаецца сціплым. Венесуэла працягвае экспартаваць каля 60% сваёй нафты ў Злучаныя Штаты, дзе на яе выпадае 11% імпарту. Пакуль ЗША застаюцца яе найбуйнейшым гандлёвым партнёрам, і нават Кітай па аб'ёме гандлю з Венесуэлай пакідае Расею далёка ззаду.

Уся гэтая шуміха тлумачыцца, вядома, тым, што адносіны вельмі палітызаваныя. Відавочна, што расейцы хочуць больш балюча кальнуць Вашынгтон пасля візіту віцэ-прэзідэнта Джозафа Байдена ва Украіну і ў Грузію - падобна, Сечын цвёрда наважыўся аспрэчыць тэзіс Хілары Клінтан пра тое, што сфераў уплыву не існуе. Справа не толькі ў тым, што Чавес, мусіць, атрымлівае велізарнае задавальненне, перадаючы радовішча нафты, адабранае ў амерыканскай кампаніі, проста ў рукі расейскай.

Адносіны двух краінаў маюць магутнае ваеннае вымярэнне, якое пастаянна расце - каля 4,4 млрд. даляраў. Паводле ацэнак швецкага аналітычнага цэнтра, за апошнія пяць гадоў рост закупак узбраенняў склаў 900 адсоткаў і, тым самым, Венесуэла выйшла на першае месца ў свеце па аб'ёме закупак расейскай зброі.

Трэба думаць, Уга Чавес усцешаны тым, што гэткі высокапастаўлены крамлёўскі чыноўнік дапамагае яму «рыхтавацца» да чарговага візіту ў Маскву - паводле ацэнак шматлікіх крамлязнаўцаў, Сечын валодае нашмат больш вялікім уплывам і маёмасцю, чым сам прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў. Сечын задае накірунак расейскай палітыцы ў Лацінскай Амерыцы і, па чутках, свабодна валодае гішпанскай і партугальскай - з'яўляючыся супрацоўнікам КДБ, ён працаваў у Афрыцы.

Час, абраны для візіту - нараўні з напружанасцю ў Гандурасе пасля перавароту - ставіць шэраг пытанняў пра нарошчванне ваеннага супрацоўніцтва паміж Масквой і Каракасам. Нядаўна прэзідэнт Венесуэлы зрабіў некалькі каментароў адносна падваення замовы на расейскія танкі Т-90. Крэмль нядаўна накіраваў у Карыбскае мора баявы карабель «Пётр Вялікі» для правядзення сумесных вучэнняў з Венесуэлай. Венесуэла - адзіная краіна Лацінскай Амерыкі, якая валодае ліцэнзіяй на вытворчасць аўтаматаў Калашнікава, і гэта вельмі трывожыць урад Калумбіі, паколькі немалая частка гэтых аўтаматаў, падобна, бясследна знікае. Акрамя таго, у гэтым месяцы адна калумбійская газета апублікавала журналісцкае расследаванне спробы венесуэльцаў прадаць на чорным рынку 20 расейскіх ракетаў «зямля-паветра».

Злучаныя Штаты ў гэтым візіце можа трывожыць магчымасць сакрэтнай згоды Расеі на меркаваныя планы Чавеса па зрыве пасярэдніцкіх высілкаў былога прэзідэнта Коста-Рыкі Оскара Арыяса. Прытрымліваючыся парадаў Чавеса, Селайя ігнаруе ўсе рэкамендацыі Арыяса і робіць рызыкоўныя выбрыкі, у тым ліку, пераход мяжы ў мінулыя выходныя на некалькі хвілінаў перад велізарным натоўпам (Крыстафер Сабаціні (Christopher Sabatini) з Рады Амерыкаў назваў дзеянні Селайі «трагічным глупствам»). Шматлікія назіральнікі лічаць, што Чавесу і Селайі «трэба яшчэ больш забітых гандурасцаў», каб дамагчыся тых вынікаў, да якіх яны імкнуцца.

Не прыходзіцца сумнявацца ў двух рэчах: што такія закупкі ўзбраенняў Чавесам аспрэчваюць яго тэзіс пра тое, што ён усяго толькі абараняе бедных і абяздоленых венесуэльцаў, і што існуюць асобы, якія імкнуцца да асабістага ўзбагачэння за кошт свайго службовага становішча. Гратэскавы ўзровень карупцыі як у Расеі, так і ў Венесуэле павінен стымуляваць дыскусію пра тое, ці не ёсць драпежніцкі характар абодвух дзяржаваў не толькі міжнародным злачынствам, але і парушэннем фундаментальных правоў чалавека, якое, магчыма, можа быць выпраўлена, зыходзячы з нормаў міжнароднага права.

«Эль Паіс»: Венесуэла пастаўляе беларускую зброю паўстанцам FARC

Нагадаем, што раней гішпанская газета «Эль Паіс» апублікавала артыкул, у якім паведамлялася, што Венесуэла з дапамогай Беларусі мела намер пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC). Выданне паведамляла пра ліст, знойдзены ў кампутары аднаго з лідэраў баявікоў Раўля Рееса, які быў забіты 1 сакавіка 2008 года ў выніку спецаперацыі калумбійскай арміі. Гэты ліст датаваны 8 лютага і падпісана адным з чальцоў сакратарыята FARC Іванам Маркесам, які паведамляе, што прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес «разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення».

«Наш беларускі сябра працягвае працу над пакетам адносна шляхоў да чорнага рынка, каб вырашыць праблемы, — цытавала газета вытрымкі з ліста. -- У Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй».

Паводле звестак «Эль Паіс», Анёл — гэта псеўданім Уга Чавеса. «А сябра — гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі (зараз памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях – заўв. Хартыі’97), чалавек вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу», — сцвярджае газета.

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць пра фінансавыя узаемаадносіны прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада Беларусі з групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі», паведаміла агенцтва «Рэйтэр» са спасылкай на заяву спецыялістаў арганізацыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках