У жніўні Менск ізноў чакаюць патопы
5- 30.07.2009, 17:18
Атлантычныя цыклоны прынясуць у Беларусь у другой дэкадзе жніўня ліўневыя дажджы са шквалістым узмацненнем ветра.
Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітры Рабаў.
«У другой дэкадзе жніўня чакаецца няўстойлівае надвор'е. Перыяды з цёплым і сонечным надвор'ем будуць чаргавацца з пахмурнымі дажджлівымі днямі», паведаміў Дз.Рабаў, удакладніўшы, што «змена атмасфернага працэсу будзе суправаджацца ліўневымі дажджамі з навальніцамі і шквалістым ветрам».
«Павольна дрэйфуючы праз краіны Балтыі, атлантычныя цыклоны будуць падкачваць порцыі вільготнага паветра на тэрыторыю Беларусі і зменяць добра разагрэтую за першую дэкаду жніўня паветраную масу на свежае дыханне Атлантыкі», патлумачыў спецыяліст. Разам з тым ён адзначыў, што, нягледзячы на дажджы і навальніцы, надвор'е ў другой палове жніўня застанецца ўмерана цёплым - у начныя гадзіны чакаецца 10-16, днём 18-26 градусаў, а ў асобныя дні - 26-31 градус цеплыні.
Дз.Рабаў таксама адзначыў, што гэты прагноз носіць імавернасны характар, ён удакладняецца прагнозамі надвор'я на тыдзень, на трое і на адны суткі.
Нагадаем, што ў выніку моцных ліўняў, якія прайшлі ў беларускай сталіцы на мінулым тыдні, былі затопленыя шмат якія вуліцы. На дарогах утварыліся пробкі і заторы. Былі затопленыя шмат якія крамы і аўтамабілі.