23 лiстапада 2024, Субота, 22:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Крэдыты МВФ перашкаджаюць дэмакратычным рэформам

2

Незалежныя эксперты заяўляюць, што беларускія ўлады не стануць прыватызаваць дзяржпрадпрыемствы.

Па патрабаванні МФВ кантрольныя пакеты найбуйных дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі могуць быць выстаўленыя на продаж ужо ў лютым 2010 года. Пракаментаваць магчымыя наступствы гэтай беспрэцэдэнтнай для айчыннай эканомікі падзеі Euramost.org папрасіў вядомага эканаміста Леаніда Злотнікава.

– Нідзе не паведамляецца аб тым, якія канкрэтна буйныя прадпрыемствы могуць быць прыватызаваныя. На ваш погляд, што гэта могуць быць за прадпрыемствы?

– Толькі летась было акцыянавана каля 160 прадпрыемстваў у вобласці прамысловасці, будаўніцтва і транспарта. А ў цэлым ужо акцыянавана каля 600 прадпрыемстваў у Беларусі. А гэта значыць, што яны могуць быць прыватызаваныя. Сярод іх такія буйныя прадпрыемствы як «Нафтан», «Палімір», МАЗ, Жлобінскі металургічны завод і гэтак далей. Гэта значыць, цалкам дастаткова прадпрыемстваў, у тым ліку і буйных, якія могуць быць прыватызаваныя.

– Раней улады казалі, што не хочуць прыватызаваць буйныя прадпрыемствы з боязі, што іх павыкупляюць расейцы, немцы і іншыя замежныя алігархі. У выніку гэтай, ініцыяванай МВФ прыватызацыі, замежнікі маюць шанец завалодаць беларускімі прадпрыемствамі?

– Летась урад планаваў, што каля 100 толькі што акцыянаваных прадпрыемстваў будуць прыватызаваныя. Аднак практычна нічога не было прыватызавана. Адна з галоўных прычын, па заяве Лукашэнкі, што ў перыяд крызісу прадпрыемствы гэтыя танныя. І няма сэнсу прадаваць іх па нізкіх коштах. Але я не думаю, што гэта была асноўная прычына. Асноўная ў тым, што пакуль ёсць грошы, пакуль хтосьці дае крэдыты – прыватызацыі не будзе. Зараз МВФ выдаў другі транш стабілізацыйнага крэдыту. І нейкі час можна не лібералізаваць эканоміку, не прыватызаваць прадпрыемствы, а пражыць за кошт гэтага.

А што датычыцца патрабавання МВФ аб неабходнасці прыватызацыі часткі прадпрыемстваў… Гэтыя патрабаванні, як правіла не выконваюцца іншымі краінамі. І Беларусь у гэтым не стане першай. Звычайна крэдыты МВФ – гэта крэдыты краінам, якія знаходзяцца ў цяжкім фінансавым становішчы і яны дапамагаюць урадам гэтых краін не праводзіць рэформы. Фармальна, яны павінныя падштурхоўваць краіны да ліберальных рэформаў, да пераходу ад дзяржаўнай формы ўласнасці да прыватнай, але атрымліваецца наадварот – крэдыты МВФ ратуюць гэтыя краіны ад такой прыватызацыі. Гэтыя крэдыты выдаюцца пад абяцанні прыватызацыі і лібералізацыі. Як правіла, такіх абяцанняў дастаткова. Або такіх лёгкіх манеўраў, як напрыклад павелічэнне на 5% ліміту гандлёвых надбавак на бананы або ўсталяванне вольных коштаў на паслугі пральняў і цырульняў. Як гэта ў нас зрабілі. І атрымліваць пад чарговыя абяцанні новыя крэдыты.

– А як жа быць з графікам прыватызацыі, дзе акрэсленыя яе тэрміны да канца лютага 2010 года? Яго можна не выконваць?

– У ліпені 2008 года была прынятая дзяржаўная праграма прыватызацыі больш чым 100 прадпрыемстваў. Што, яна выкананая? Не. І калі адчайнага становішча ў эканоміцы не будзе, то і ніякая чарговая праграма прыватызацыі гэтак жа не будзе выкананая. Вядома, можа па патрабаванні МВФ быць прыняты новы закон аб прыватызацыі. Але гэта не значыць, што прыватызацыя па гэтым законе адбудзецца. Пакуль будзе што есці – чарка, шкварка і бульба – нічога тут мяняцца не будзе.

– Ці спецыялісты МВФ гэтага не разумеюць?

– Разумеюць. Але ў той жа час яны выратавалі Расею ад лібералізацыі ў 90-х гадах, Нігерыю ад ліберальных рэформ. Яны выконваюць сваю задачу фінансавай стабілізацыі краіны, а ўсё астатняе бачнасць. Роля МВФ у эканамічных рэформах – нулявая.

– Даставаць кашалькі замежным багацеям, у надзеі прыкупіць прамысловую ўласнасць у Беларусі, рана?

– Яны і не спяшаюцца даставаць свае кашалькі, каб прыватызаваць МТЗ або МАЗ. У тым выглядзе, у якім зараз існуюць МТЗ і МАЗ – там могуць быць каштоўнымі толькі іх плошчы, дзе можна новыя карпусы пабудаваць. Гэта не тыя прадпрыемствы, да якіх варта імкнуцца. Расейскія інвестары, напрыклад, хочуць мець тыя прадпрыемствы, якія размешчаныя каля «трубы» і выкарыстоўваюць нафту і газ як сыравіну. Яшчэ – прадпрыемствы хімічнай прамысловасці, якія стаяць побач. Могуць зацікавіць іх прадпрыемствы ў галіне высокіх тэхналогій, або ў галіне будаўніцтва гандлёвых сетак, жылля або бізнэс-цэнтраў і гэтак далей. А МАЗ, МТЗ… Пры жаданні ўрада іх прадаць, гэта атрымаецца хіба што за нізкі кошт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках