4 траўня 2024, Субота, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аператар НТВ: «Супрацоўнікі КДБ вывезлі нас у лес, дапыталі і адабралі касеты»

26

Перад дэпартацыяй расейскіх журналістаў не адправілі ў аэрапорт, а вывезлі да мяжы, у Воршу.

14 жніўня стала вядома, што з Беларусі былі дэпартаваныя журналісты расейскага тэлеканала НТВ, якія здымалі фільм пра зніклых палітыкаў. Аляксей Малкоў і Юрый Бабенка былі затрыманыя 14 жніўня ў гатэлі Міжнароднага адукацыйнага цэнтра (IBB). Раней паведамлялася, што ўначы 15 жніўня расейскую здымачную групу адвезлі ў менскі аэрапорт і прымусілі пакінуць тэрыторыю Беларусі. Аднак, як аказалася, расейскіх журналістаў дэпартавалі цягніком.

Аператар здымачнай групы праграмы «ЧП. Расследаванне» тэлеканала НТВ Юры Бабенка распавёў «Еўрарадыё» падрабязнасці таго, як іх з карэспандэнтам Аляксеем Малкавым

высылалі з Беларусі.

Распавядзіце, як насамрэч разгортваліся падзеі.

— Тое, што я прачытаў у Інтэрнэце, практычна ўсё праўда. Але не ўсё.

А што няпраўда або не зусім дакладная інфармацыя?

— Няпраўда тое, што нас вывезлі ў аэрапорт. Нас вывезлі да мяжы, у горад Ворша. Там падвезлі да самога цягніка, перадалі з рук у рукі, канфіскавалі сім-карты з мабільных тэлефонаў. І да самой Масквы мы былі без сувязі — не маглі ні з кім звязацца.

А як праходзіла вашае знаёмства з беларускімі спецслужбамі? Наколькі гэта было нечакана?

— Мы іх заўважылі ўжо з самай раніцы — КДБ вяло нас з раніцы. Мы вярнуліся ў гатэль гадзін у 15, паабедалі і каля 18 гадзіны выйшлі папаліць — у гатэлі не паляць. Заўважылі, што сітуацыя ўскладняецца, фургоны з'явіліся. Архітэктура гатэля такая, што там адна сцяна цалкам шкляная. Мы жылі на трэцім паверсе. Скрозь гэтую сцяну мы ўбачылі, што ў наш бок накіроўваецца чалавек 8 у міліцэйскай форме і чалавек 10 — у цывільным. Так што асоба нечаканым іх візіт не быў. Нас пасадзілі ў фургон, вывезлі за горад незразумела чаму, дапыталі і вывезлі ў Воршу. А там ужо пасадзілі на цягнік.

Страшна было, калі ўбачылі, што вас вязуць не ў КДБ, а ў лес? Асабліва ўлічваючы тэму вашага рэпартажу — аб зніклых у Беларусі?

— А як думаеш?!

Не запытвалі ў суправаджаючых, чаму вас вязуць у невядомым напрамку?

— Нам адказалі: «Ва ўтульнае месца паразмаўляць».

І пра што размаўлялі?

— Афіцыйная версія: што мы без акрэдытацыі знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

Не было размоваў пра тое, што няма чаго лезці ў палітыку? Маўляў, навошта вы паднялі гэтую тэму?

— Чаму ж – запытвалі пра тое, што знялі, з кім размаўлялі. Цікавіліся, пра што канкрэтна была размова. Я сказаў, што нічога не чуў і нічога не ведаю.

Згодна з беларускім заканадаўствам, за гэта парушэнне вас могуць на 5 год пазбавіць магчымасці прыязджаць у Беларусь. Не пагражалі такім пакараннем?

— Не, пра гэта размовы не было. Нам вярнулі практычна ўсё абсталяванне, за выключэннем касет з адздыманым матэрыялам. Ну, і сім-карт.

Атрымліваецца, што фільма пра зніклых у Беларусі не будзе?

— Фільм, магчыма, будзе. Гэта пытанне да кіраўніцтва. Нам паабяцалі вярнуць касеты.

Чаму вы вырашылі працаваць у Беларусі без неабходнай акрэдытацыі ў МЗС?

— Гэта не ў маёй кампетэнцыі, я не магу адказаць.

Не ведаеце, чаму толькі зараз тэлеканал вырашыў звярнуцца да тэмы зніклых у Беларусі – за першыя 10 год?

— Гэтага я таксама сказаць не магу. Я аператар: у мяне есць заданне і я яго выконваю.

Калі прапануюць зноў ехаць у Менск на здымкі – згадзіцеся?

— А чаму адмаўляцца – прыгожая краіна, прыгожы горад.

Ветлівыя спецслужбы…

— Ага, ветлівыя…Вельмі.

Заўвага сайта www.charter97.org: Між тым, афіцыйнае беларускае агенцтва БелТА са спасылкай на міністэрства інфармацыі РБ працягвае сцвярджаць, што расейскіх журналістаў з Беларусі «ніхто не выдвараў». Вось такая інфармацыя з’явілася на сайце БелТА 17 жніўня:

Журналістаў НТВ з Беларусі ніхто не выдвараў– Мінінфарм

Ніякага рашэння аб выдварэнні здымачнай групы тэлеканала НТВ з Беларусі ніхто не прымаў. Пра гэта заявілі БЕЛТА ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

У той жа самы час у міністэрстве адзначылі, што не выклікае ніякага сумневу той факт парушэння прадстаўнікамі гэтага тэлеканала існуючых правілаў працы замежных журналістаў на тэрыторыі Беларусі, бо яны не атрымалі акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў.

У бліжэйшы час будзе дадзена вычарпальная ацэнка дзейнасці журналістаў НТВ, запэўнілі ў Мінінфарме.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках