23 снежня 2024, панядзелак, 3:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Атрошчанкаў: «Тое, што адбывалася ў РУУС, можна назваць толькі катаваннем»

9

Пасля затрымання збітых удзельнікаў акцыі пратэсту 4 гадзіны прымушалі стаяць тварам да сцяны практычна нерухома.

«Гэта быў адзін з самых жорсткіх разгонаў акцыі апазіцыі, які я магу ўзгадаць. Людзей затрымлівалі вельмі жорстка, мэтанакіравана білі па спіне, па нырках, па галаве. Збіццё працягнулася ў міліцэйскіх аўтобусах, па дарозе ў міліцыю і ў самім Цэнтральным РУУС», -- распавёў сайту www.charter97.org актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў.

«Тое, што адбывалася ў РУУС, можна назваць толькі шматгадзінным катаваннем. Моцна збітых людзей 4 гадзіны прымушалі стаяць тварам да сцяны практычна нерухома. Перыядычна затрыманых збівалі і абражалі. На працягу 6 гадзін супрацоўнікі міліцыі так і не выклікалі хуткую дапамогу пацярпелым. А калі дактароў выклікалі нашыя паплечнікі, якія стаялі каля РУУС, іх двойчы адмаўляліся прапусціць у пастарунак. На фоне ўсяго гэтага хачу адзначыць мужнасць удзельнікаў акцыі. Тое, што ў краіне есць такія людзі, дае надзею, што гэтае беззаконне скончыцца вельмі хутка», -- распавёў актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

За ўдзел у акцыі пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі Атрошчанкаў быў прысуджаны да штрафу ў памеры 15 базавых велічынь (525 тысяч рублёў ці 185 даляраў).

Нагадаем, што ўчора ў Менску была жорстка разагнаная акцыя пратэсту супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі, якая адбылася пад лозунгам «Не – расейскай акупацыі». Напярэдадні і падчас акцыі былі затрыманыя дзесяткі апазіцыянераў.

Акцыя праходзіла ў знак пратэсту супраць пачатку ваенна-стратэгічных вучэнняў «Захад-2009». Учора ў Беларусь пачалі прыязджаць першыя эшалоны з расейскімі салдатамі.

Адной з мэтаў вучэнняў называецца ліквідацыя ўзброеных канфліктаў, але беларускія дэмакраты ўпэўненыя, што вучэнні, якія маюць адбыцца, нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі. Ніколі раней на тэрыторыю нашай краіны не ўваходзіла такая колькасць расейскіх вайскоўцаў – з 12,5 тысячаў салдатаў, якія задзейнічаныя у вучэннях, 6 тысячаў – расейцы. У той жа час рознымі палітычнымі кіраўнікамі Расеі не аднойчы заяўлялася пра магчымы ўвод расейскіх войскаў у Беларусь у выпадку пагрозы рэжыму Лукашэнкі.

Фота ByMedia.net

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках