23 снежня 2024, панядзелак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Washington Post»: Беларускія гледачы – самыя смелыя ў свеце

1

Уплывовае амерыканскае выданне піша пра гастролі беларускага «Свабоднага тэатра» у Вашынгтоне.

Беларускі «Свабодны тэатр», які накіроўваецца зараз на гастролі ў ЗША, не мае канкрэтнага адрасу ў сваёй краіне, піша «The Washington Post». У Беларусі, якую называюць «апошняй дыктатурай Еўропы», працуюць толькі дзяржаўныя тэатры, у якіх ставяць толькі дазволеныя п’есы.

Таму акторам даводзіцца граць у маленькіх кватэрах у Менску, змяняючы ў апошнюю хвіліну сваё месцазнаходжанне, каб пазбегнуць пераследу з боку ўлад, распавядае выданне. Яны выступаюць у барах, тлумачачы ўладальнікам, што ладзяць «святочную вечарынку», або ў лясах, называючы зборышча людзей вяселлем. Многія акцёры ўжо страцілі асноўную працу, а некаторыя гледачы былі арыштаваныя.

У аўторак беларускі «Свабодны тэатр» распачне двухдзённы выступ у мастацкім цэнтры пры Джорджтаўнскім універсітэце. У першы дзень трупа пакажа п’есу «Пакаленне Джынс» - маналог чалавека, які вырас за «жалезнай заслонай», дзе джынсы і рок-музыка былі забароненыя; у сераду ж адбудзецца амерыканская прэм’ера пастаноўкі «Спасцігаючы каханне», заснаваная на рэальных падзеях 1999 года, калі ў Беларусі знік, а пазней быў забіты бізнэсмэн Анатоль Красоўскі (яго удава зараз жыве ў сталіцы ЗША).

Для актораў, як піша WP, гэтыя гастролі азначаюць досвед нармалёвага паказу, якому не будзе пагражаць гвалт з боку ўладаў. Для аўдыторыі яны стануць напамінам, што на зямлі ўсё яшчэ застаюцца месцы, дзе паход у тэатр з’яўляецца палітычным актам.

«У Беларусі нават Чэхава ставяць рэдка, бо ён прымушае людзей думаць, - распавядае Наталля Каляда, адзін з заснавальнікаў «Свабоднага тэатра», - а калі і ставяць, то ён праходзіць цэнзуру».

Яна і яе муж Мікалай Халезін, які пачаў пісаць п'есы, яшчэ знаходзячыся ў турме, куды ён трапіў толькі за тое, што быў рэдактарам апазіцыйнай газеты, стварылі «Свабодны тэатр» у 2005 годзе для таго, каб ставіць забароненыя спектаклі. Першай іх пастаноўкай стаў «Псіхоз 4.48» брытанскага драматурга Сары Кейн. «Нам казалі, - распавядае Каляда, - што ў Беларусі няма псіхозу. У Беларусі няма суіцыду. У Беларусі няма сэксуальных меншасцяў».

Нарэшце ўладальнік кафе прапанаваў ім паставіць п’есу ў яго. Аднак у хуткім часе КДБ Беларусі прыгразіў адабраць у яго ліцэнзію. Пасля гэтага яны пачалі выступаць на прыватнай кватэры, але яе ўладальніку ўлады пачалі пагражаць высяленнем.

Як піша выданне, пасля такіх рэпрэсій «Свабодны тэатр» перайшоў да мераў канспірацыі. Даведаўшыся, што рассылка па электроннай пошце амаль узламаная, яны перайшлі на апавяшчэнні пры дапамозе СМС. Каляда пачала запрашаць замежных журналістаў і знакамітасцяў на спектаклі, разумеючы, што ўрад у такім выпадку не зможа моцна замінаць пастаноўкам.

Тэатр, што на паперы не існуе ў сябе на радзіме, атрымаў шырокую вядомасць і падтрымку за мяжой. Том Стоппард напісаў некалькі лістоў у падтрымку «Свабоднага тэатра», а Гаральд Пінтэр дазволіў беларускім акторам ставіць яго п’есы бесплатна.

«Нам трэба выехаць за межы Беларусі, каб нашае артыстычнае майстэрства было ацэнена», - гаворыць Каляда, тлумачачы, што ў Беларусі аўдыторыя проста ўдзячна ім за тое, што яны працягваюць выступаць. Паводле яе словаў, зараз да іх чарга ў 2000 чалавек. Пры гэтым усе прыходзяць з пашпартам на выпадак магчымага арышту. «Беларускія гледачы – самыя смелыя ў свеце», - падсумоўвае Каляда.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках