Польскія ўлады выбачыліся перад беларускімі футбольнымі юніёрамі
4- 25.09.2009, 9:36
Бурмістр паўночнага польскага горада Ілава, дзе знаходзіцца юніёрская зборная Беларусі па футболе, прынёс прабачэнні за ганебныя паводзіны сваіх суайчыннікаў.
Па інфармацыі прэс-службы Беларускай федэрацыі футбола, інцыдэнт адбыўся 23 верасня, калі каманда пасля перамогі над польскімі аднагодкамі (1:0) выправілася на вечаровую прагулку, паведамляе БелаПАН.
«Некалькі польскіх падлеткаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, сваімі паводзінамі справакавалі рэакцыю ў адказ з боку беларускіх непаўнагадовых футбалістаў, — кажацца ў паведамленні. — Усе ўдзельнікі і сведкі канфлікту далі тлумачэнні супрацоўнікам праваахоўных органаў. Ніякіх пытанняў і прэтэнзіяў з боку мясцовых уладаў да беларускай зборнай не ўзнікла. Пра гэта сведчыць і той факт, што сёння ў гатэль, дзе размяшчаецца наша каманда, прыязджаў бурмістр Ілавы, які выбачыўся за ганебныя паводзіны сваіх юных суайчыннікаў».
Прэс-служба БФФ адзначае, што польскі бок, які запрасіў зборную Беларусі для правядзення таварыскіх матчаў, «быў абавязаны забяспечыць бяспеку гульцам і агарадзіць іх ад магчымых інцыдэнтаў».
25 верасня юніёрскія зборныя Беларусі і Польшчы сустрэнуцца зноў.