18 чэрвеня 2026, Чацвер, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: «Суддзі хочуць карміцца з рукі выканаўчай улады»

6

Праваабаронцы каментуюць адмову ўладаў увесці ў Беларусі суды прысяжных.

24 верасня, на прэс-канферэнцыі ў Менску, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведаміў журналістам, што ўводзіць у Беларусі сістэму суду прысяжных у хуткім часе не плануецца. Пракаментаваць гэтую заяву Euramost.org папрасіў вядомага юрыста, адваката «Беларускага Хельсінскага камітэта» Гары Паганяйлу.

Як вы лічыце, магчыма, прычына такога рашэння ў тым, што нашае грамадства проста не гатовае да з'яўлення суду прысяжных?

– Не. Справа ў тым, што пры распрацоўцы новага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса была задумка ўвесці ў нас суды прысяжных. І нават былі ўнесеныя неабходныя артыкулы ў праект гэтага кодэкса. Ён нават прайшоў апрабацыю ў «парламенце». Але Лукашэнка не падпісаў артыкулы, якія і павінны былі рэгуляваць дзейнасць суду прысяжных. Больш за тое, я не памятаю дакладна – на першым ці на другім з'ездзе суддзяў, якія, натуральна рыхтаваў Вярхоўны суд, суддзі, што сабраліся на з'езд, наўпрост выказалі Лукашэнку сваё да гэтага стаўленне: несвоечасова ствараць суды прысяжных.

Мне падаецца, што ў гэтым пытанні галоўную ролю сыграла, перш за ўсё, меркаванне судзейскай супольнасці, а не грамадскасці. Ніхто гэтую праблему з грамадствам не дыскутаваў, не высвятляў меркаванне грамадскае адносна неабходнасці ўвядзення суду прысяжных. А так вось вырашыла ўлада, і вырашыла судзейская супольнасць.

Вы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што суды ў нашай краіне несамастойныя, дзейнічаюць па ўказцы ўладаў…

– Дзейнічаюць з парушэннем прынцыпу незалежнасці. Гэта бясспрэчна.

На ваш погляд, дадзены факт аказаў свой уплыў на прыняцце гэтага рашэння?

– Безумоўна. Гэта наўрпост выцякае з таго, што кіраваць судамі прысяжных вельмі складана. І тут у найбольшай ступені быў бы рэалізаваны прынцып незалежнасці суддзяў. Аднак самі суддзі не хочуць гэтага. Яны хочуць быць залежнымі, хочуць карміцца з рукі выканаўчай улады. І такое зневажальнае становішча іх цалкам задавальняе.

Для таго, каб чалавек пагадзіўся стаць прысяжным, ён павінен быць свабодным, разняволеным, упэўненым у сабе. Вы лічыце, што сёння пераважная большасць насельніцтва краіны падпадае пад гэтае апісанне? Ці не станецца так, што проста ніхто не будзе згаджацца быць чальцом суду прысяжных?

– Суды прысяжных былі ўведзеныя ў Расейскай імперыі ў 1863 годзе. Следам за адменай прыгоннага права. Нават тады, у тыя гады, судова-прававая рэформа ўспрыняла суд прысяжных. Як суд найбольш справядлівы і найбольш незалежны. Гэта стала магчымым нават у тыя часы! Я ужо не кажу пра тое, што найноўшая гісторыя паказвае, што яны цалкам нармальна працуюць у той жа Расеі. І ў шэрагу іншых краінаў, якія сталі на шлях дэмакратыі. Так, не зусім удалыя ёсць досведы. Але, тым не менш, для пераадолення залежнасці, для разняволення саміх грамадзянаў, якія могуць і павінны ўдзельнічаць, у тым ліку і ў правасуддзі, з'яўленне судоў прысяжных неабходна. У Канстытуцыі запісана, што нашыя грамадзяне могуць вяршыць не толькі лёсы канкрэтнага чалавека, але і дзяржавы ў цэлым. Таму, я з упэўненасць магу сказаць, што нашае грамадства саспела і гатовае выконваць гэтыя функцыі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках