27 лiстапада 2024, Серада, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

У Курапатах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў

29 верасня ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на паўночна-усходняй ускраіне Менска, адбылося памінанне ахвяраў сталінізму 1939 года.

Каля 20 удзельнікаў мемарыяльнай акцыі з бел-чырвона-белым сцягам усклалі да памятнага знака пакутнікам Беларусі свечкі і кветкі, паведамляе БелаПАН.

Як адзначыў у сваім выступе лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска Аляксандр Макаеў, акцыя з'яўляецца традыцыйнай і праходзіць 29-га дня кожнага месяца.

«Мы ў чарговы раз аддаем даніну павагі нашым продкам — грамадзянам нашай краіны, якія былі бязвінна расстраляныя на гэтым месцы, — адзначыў ён. — Праўда пра Курапаты не вельмі падабаецца цяперашнім уладам. Аднак я ўпэўнены, што Курапаты зараз ператвараюцца ў народны мемарыял і ў свой час зоймуць годнае месца сярод іншых помнікаў нашай гісторыі».

Адзін з лідэраў арганізацыі «Малады фронт» Мікалай Дземідзенка сказаў, што Курапаты ўжо сталі «сакральным месцам». «Мы павінны паважаць як свае святы, так і не забываць пра свае трагедыі», — адзначыў Дземідзенка. Ён нагадаў прысутным, што прыкладна праз месяц будзе адзначацца Дзень памінання продкаў (Дзяды), і заклікаў усіх 29 кастрычніка прыйсці ў Курапаты з сябрамі, знаёмымі, блізкімі і прыняць удзел у добраўпарадкаванні ўрочышча.

Лідэр аргкамітэта па стварэнні руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе правёў паралель паміж падзеямі верасня 1939 года і верасня 2009-га. «Як і ў 39-м годзе, калі адбыўся сумесны парад германскіх і савецкіх войскаў, на тэрыторыі Беларусі сёння праходзяць сумесныя расейска-беларускія манеўры. Сюды прыляцеў расейскі прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў. Гэты факт выклікае вялікую занепакоенасць, паколькі сведчыць пра тое, што розныя імперскія сілы дагэтуль разглядаюць Беларусь у якасці разменнай манеты, а беларускія грамадзяне будуць гінуць за чужыя інтэрасы», — адзначыў ён.

Сіўчык паведаміў, што 29 кастрычніка плануецца правесці ў Курапатах крыжовы ход ад памятнага знака да Крыжа пакутаў, які ўсталяваны ў нізіне ўрочышча. Ён таксама заклікаў усіх прыняць удзел у гэтай цырымоніі.

За мерапрыемствам назіралі пяць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і чалавек у цывільным, аднак яны не ўмешваліся ў яго правядзенне. Цырымонія прайшла без інцыдэнтаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках