27 верасня 2024, Пятніца, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уга Чавес прыляцеў у Менск для асабістай сустрэчы з Лукашэнкам

11

З некаторай затрымкай прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес прыбыў з двухдзённым працоўным візітам у Беларусь.

Яго самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Менск, паведамляе карэспандэнт БелТА.

У праграме візіту Уга Чавеса – сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам вузкім і пашыраным складам.

Міністэрствам замежных спраў Беларусі афіцыйна пацвярджаецца, што сустрэча адбудзецца сёння вечарам у рэзідэнцыі ў Заслаўі.

Раней меркавалася, што сёння Чавес выступіць у Нацыянальнай бібліятэцы з лекцыяй аб сітуацыі ў Лацінскай Амерыцы. Аднак з-за змянення графіка візіту гэтае мерапрыемства адменена.

Плануецца, што з Менску прэзідэнт Венесуэлы накіруецца ў Расею.

У межах свайго 11-дзённага замежнага турнэ Чавес ужо наведаў Іран і Туркменістан. 7 верасня прэзідэнт Венесуэлы пабываў у Італіі. Ён наведаў Венецыянскі фестываль, на якім быў прадстаўлены фільм амерыканскага рэжысёра Олівера Стоўна «На поўдзень ад мяжы», дзе галоўным героем з'яўляецца сам Чавес.

Чавес таксама плануе пабываць у Лівіі, Алжыры і Сірыі.

Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес цягам апошніх гадоў неаднаразова заяўлялі пра ўзаемнае сяброўства і абменьваліся візітамі. Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес наведваў Беларусь тройчы: у 2006, 2007 і 2008 гадах. У снежні 2007 года адбыўся афіцыйны візіт у Венесуэлу Аляксандра Лукашэнкі.

Адным з галоўных інтарэсаў Беларусі ў Венесуэле з’яўляецца ўдзел у распрацоўцы нефцяных радовішчаў. Лукашэнка на днях пацвердзіў, што Менск мае намер і надалей шукаць альтэрнатыўныя Расеі крыніцы набыцця энергарэсурсаў, у тым ліку ў Венесуэле.

Гішпанская газэта «Эль Паіс» паведамляла, што Венесуэла пры дапамозе Беларусі збіралася пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сіл Калумбіі (FARC) . Выданне паведамляла пра ліст, знойдзены ў кампутары аднаго з лідэраў баявікоў Раўля Рэйеса, які быў забіты 1 сакавіка 2008 года ў выніку спецаперацыі калумбійскай арміі. Гэты ліст датаваны 8 лютага і падпісаны адным з чальцоў сакратарыята FARC Іванам Маркесам, які паведамляе, што прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес «разгледзіў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення».

«Наш беларускі сябра працягвае працу над пакетам аб шляхах да чорнага рынка, каб вырашыць праблемы, — цытавала газета вытрымкі з ліста. -- У Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй».

Паводле звестак «Эль Паіс», Анёл — гэта псеўданім Уга Чавеса. «А сябра — гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі (зараз памочнік прэзідэнта па асобых даручэннях – заўв. Хартыі’97), чалавек вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу», — сцвярджае газета.

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць пра фінансавыя узаемаадносіны прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада Беларусі з групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках