19 траўня 2024, Нядзеля, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэйман: «Беларусь і Венесуэла стварылі стратэгічны альянс»

25

Беларускія ўлады задаволеныя «дынамічным развіццём» двухбаковых адносінаў з Венесуэлай.

Развіццё шматпланавых адносінаў з Венесуэлай з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў знешняй палітыкі Беларусі, заявіў у Менску памочнік Аляксандра Лукашэнкі па асобых даручэннях, старшыня беларускай часткі сумеснай беларуска-венесуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктар Шэйман на адкрыцці чарговага паседжання, паведамляе «Інтэрфакс».

«Апошнія гады характэрызуюцца дынамічным развіццём двухбаковых адносінаў, створаны стратэгічны альянс Беларусі і Венесуэлы», заявіў В.Шэйман.

Па словах памочніка беларускага кіраўніка, «існуючае паразуменне на вышэйшым узроўні, сумесныя высілкі беларускіх і венесуэльскіх міністэрстваў, прадпрыемстваў, арганізацый спрыяюць таму, каб наш стратэгічны саюз напаўняўся канкрэтным зместам».

В.Шэйман сказаў, што зараз у межах беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва «ідзе рэалізацыя буйнамаштабных праектаў, супрацоўніцтва ў фінансавай, крэдытна-інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай сферах».

Акрамя гэтага, В.Шэйман падкрэсліў, што «палітычнае паразуменне на вышэйшым узроўні з'яўляецца надзейнай асновай для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх абласцях».

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Рамон Карысалес, які прыбыў у Менск для ўдзелу ў паседжанні сумеснай камісіі, заявіў, што «адносіны паміж нашымі краінамі дасягнулі стратэгічнага ўзроўню».

«Яны паспяхова развіваюцца ў энергетыцы, прамысловасці, вытворчасці прадуктаў харчавання», адзначыў віцэ-прэзідэнт Венесуэлы. Пры гэтым ён сказаў, што «наш прэзідэнт (Уга Чавес) арыентуе нас на тое, каб мы не былі простымі пакупнікамі тавараў, а каб мы актыўна атрымлівалі новыя тэхналогіі».

«Гэтым самым мы таксама выконваем даручэнні прэзідэнта Лукашэнка аб тым, што ў справе перадачы тэхналогій (беларускіх тэхналогій Венесуэле) не было ніякіх амбежаванняў», сказаў Р.Карысалес.

«Адносіны паміж нашымі прэзідэнтамі арыентуюць нас на тое, каб мы шукалі шляхі паглыблення нашага супрацоўніцтва», заявіў віцэ-прэзідэнт Венесуэлы.

Нагадаем, што ў верасні плануецца, што Уга Чавес наведае Беларусь.

Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, Чавес наведваў Беларусь тройчы – у 2006, 2007 і 2008 гадах.

У мінулым годзе іспанская газета «Эль Паіс» апублікавала артыкул, у якім паведамлялася, што Венесуэла з дапамогаю Беларусі мела намер пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC). Выданне паведамляла пра ліст, знойдзены ў кампутары аднаго з лідэраў баевікоў Рауля Рэйеса, які быў забіты 1 сакавіка 2008 года ў выніку спецаперацыі калумбійскай арміі. Гэты ліст датаваны 8 лютым і падпісаны адным з чальцоў сакратарыята FARC Іванам Маркесам, які паведамляе, што прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес «разгледзеў з беларускімі ўладамі магчымасць паставак узбраення».

«Наш беларускі сябар працягвае працу над пакетам пра шляхі да чорнага рынку, каб вырашыць праблемы, — цытавала газета вытрымкі з ліста. -- У Каракас прыбудзе дэлегацыя высокіх прадстаўнікоў ад гэтага сябра, каб удакладніць спіс. Анёл прасіў, каб мы былі тут і асабіста дамовіліся з дэлегацыяй».

Па дадзеных «Эль Паіс», Анёл – гэта псеўданім Уга Чавеса. «А сябар — гэта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі (зараз памочнік прэзідэнта па асобых даручэннях – заўв. Хартыі’97), чалавек вельмі набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Венесуэлу», — сцвярджае газета.

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць аб фінансавых узаемаадносінах прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада Беларусі з групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі», паведаміла агенцтва «Рэйтэр» са спасылкай на заяву спецыялістаў арганізацыі.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках