21 верасня 2024, Субота, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавес - Лукашэнку: «Я прывёз табе прывітанне з «восі зла»

22
Чавес - Лукашэнку: «Я прывёз табе прывітанне з «восі зла»

Падчас сустрэчы ў Менску Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу за тую падтрымку, якую ён яму аказвае, у тым ліку фінансавую.

«Хачу падзякаваць табе за тую каласальную падтрымку, якую ты аказваеш нашай краіне. Гэта і фінансавая падтрымка, і тое, што нашая сумесная нафтавая кампанія сёння працуе паспяхова і ўжо атрымала прыбытак. Мы вельмі абавязаныя табе, венесуэльскаму народу», - заявіў Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў аўторак увечары ў рэзідэнцыі пад Менскам з прэзідэнтам Венесуэлы, які прыбыў з візітам у Беларусь.

Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавеса, адзначыў: «Хачу прывітаць цябе ў тваёй любімай краіне - Беларусі». «Я вельмі рады, што нягледзячы на нейкія калізіі ты прыехаў у Беларусь, і мы гэта вельмі цэнім», - сказаў беларускі кіраўнік. Ён запэўніў У.Чавеса ў тым, што ўсе дамоўленасці, якія былі дасягнутыя раней, а таксама тыя, якія будуць дасягнутыя падчас цяперашняга візіту, беларусамі будуць свята выконвацца». «Усе вашыя просьбы і прапановы для нас - закон», - падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

У сваю чаргу, венесуэльскі прэзідэнт заявіў, што заўсёды прыязджае ў Беларусь «з адкрытым сэрцам». «Калі я раблю турнэ, дык заўсёды хоць бы на адзін-два дні спыняюся тут», - сказаў У.Чавес.

Прэзідэнт Венесуэлы адзначыў, што ў межах свайго турнэ наведаў шэраг дзяржаваў. «Я прывёз табе прывітанне з «восі зла», - сказаў У.Чавес, перадаўшы прывітанне ад лідэраў Кубы, Алжыра, Лівіі, Туркменістана. «Я прывёз табе прывітанне ад джэнтльмена Берлусконі (Сільвіа Берлусконі - прэм'ер-міністр Італіі). «Але ён (Берлусконі) пакуль не ўваходзіць у «вось зла», - заўважыў А.Лукашэнка.

Працягваючы гутарку, У.Чавес заявіў, што «мы б хацелі ўмацоўваць адносіны з Беларуссю». «Я толькі што пабываў на Менскім аўтамабільным заводзе. Гэта - цудоўна. Тысячы працаўнікоў ствараюць цудоўныя аўтамабілі, аўтобусы. Я бачу, што вы дасягнулі вялікіх поспехаў у тэхналогіях, навучанні», - сказаў венесуэльскі прэзідэнт. Ён выказаў зацікаўленасць у стварэнні ў Венесуэле сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці беларускіх аўтамабіляў, трактароў. «Вельмі важныя праекты па жыллі, нафтавыведцы. У нас адкрываюцца новыя гарызонты», - заявіў У.Чавес. Ён выказаў падзяку А.Лукашэнку за тое, што «нашыя праекты прасоваюцца». «Мы зробім дзесяць крокаў наперад, нашае супрацоўніцтва ўмацоўваецца і адкрываюцца новыя гарызонты. Для нашай інтэграцыі няма ніякіх межаў», - падкрэсліў У.Чавес.

Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес у апошнія гады неаднаразова заяўлялі аб узаемным сяброўстве і абменьваліся візітамі. Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес наведваў Беларусь тройчы: у 2006, 2007 і 2008 гадах. У снежні 2007 года адбыўся афіцыйны візіт у Венесуэлу Аляксандра Лукашэнкі.

Адным з галоўных інтэрасаў Беларусі ў Венесуэле з'яўляецца ўдзел у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. Лукашэнка днямі пацвердзіў, што Менск мае намер і надалей шукаць альтэрнатыўныя Расеі крыніцы набыцця энергарэсурсаў, у тым ліку ў Венесуэле.

Гішпанская газета «Эль Паіс» паведамляла, што Венесуэла з дапамогай Беларусі мела намер пастаўляць зброю паўстанцам з Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калумбіі (FARC).

Інтэрпол пацвердзіў сапраўднасць дакументаў, якія сведчаць аб фінансавых узаемаадносінах прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і ўрада Беларусі з тэрарыстычнай групоўкай.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках