28 снежня 2024, Субота, 18:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідзія Аўтуховіч: «Відаць, нехта захацеў павесіць на майго сына ўсе злачынствы»

5

Маці палітвязня Мікалая Аўтуховіча не атрымлівае ад сына ўсе лісты і наўрад ці зможа прысутнічаць на яго судовым працэсе з прычыны стану здароўя.

Разгляд справы Аўтуховіча пачнецца ў судзе «бліжэйшым часам, у канцы студзеня - пачатку лютага» і пройдзе ў адкрытым фармаце, паведаміў генпракурор Рыгор Васілевіч.

«Справа Аўтуховіча будзе ў судзе разгледжана ў адкрытым фармаце», - сказаў Васілевіч. Пры гэтым, як паведамляе «Інтэрфакс», ён удакладніў, што паводле яго інфармацыі «бліжэйшым часам у канцы студзеня - пачатку лютага пачнецца ў судзе яе разгляд». Генпракурор паведаміў, што заўваг падчас расследавання гэтай справы яму не паступала.

Як перадае «Салідарнасць», маці ваўкавыскага прадпрымальніка 70-гадовая Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч даведзена да роспачы, але прыехаць на суд не зможа па стане здароўя.

«На аўтобусе я сама не даеду - самаадчуванне за гэты год стала вельмі дрэнным. Толькі калі хто на машыне завязе, то, напэўна, паеду», - сказала яна.

Як заяўляе Лідзія Аўтуховіч, яна больш-менш рэгулярна атрымлівае лісты ад сына.

«Што ён піша? А што ён можа напісаць - не хвалюйся, мама, я жывы, здаровы, - распавяла Лідзія Аўтуховіч. - Да мяне даходзяць не ўсе яго лісты - не прапускаюць іх. Думаю так, бо задаю ў сваіх лістах пытанні, а ён на іх не адказвае».

Апошні ліст ад сына прыйшоў Лідзіі Аўтуховіч на Каляды. 7 студзеня Мікалаю Аўтуховічу акурат споўнілася 47 гадоў.

«Мой сынок супраць Бога пайсці не мог, ён ніколі нікому дрэннага не рабіў. Відаць, нехта захацеў на яго ўсе злачынствы павесіць», - сказала Лідзія Аўтуховіч.

Нагадаем, што ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. 18 лютага ім было прад'яўленае абвінавачванне па арт. 218 КК. 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» была ўзбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэракта Асіпенку і Аўтуховічу было прад’яўлена 20 лістапада. 8 жніўня Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара, а 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка і Юры Лявонаў сёлета сталі лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць». Прэмія заснаваная Хартыяй’97.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках