26 снежня 2024, Чацвер, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста Сяргея Серабро выклікалі на допыт у пракуратуру

Віцебскаму журналісту вярнулі канфіскаваную аргтэхніку, аднак следчыя зацікавіліся, каму яна належыць.

Нагадаем, што ў пачатку студзеня ў журналіста і рэдактара сайта «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро міліцыянты забралі фотаапарат і два сістэмныя блокі кампутараў. Гаспадару вярнулі маёмасць толькі пасля скаргі ў пракуратуру, паведамляе «Радыё Свабода».

Ператрус у кватэры, якую здымаюць Сяргей Серабро і яго жонка, адбыўся 13 студзеня. Ён быў звязаны з крымінальнай справай Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай гарадской ёлцы Віцебска на плошчы Перамогі. Гэты момант, а таксама тое, як сцяг здымалі супрацоўнікі МНС, у журналіста атрымалася сфатаграфаваць.

Гэтыя здымкі і цікавілі міліцыянтаў: яны спрабавалі затрымаць Сяргея Серабро яшчэ падчас здымак, але па тэхнічных прычынах яны не змаглі ні паглядзець, ні выдаліць непажаданыя кадры, якія потым шырока разыйшліся па інтэрнэце.

Тым не менш, міліцыянты запісалі асабістыя дадзеныя Сяргея Серабро і праз некалькі дзён прышлі ў кватэру, дзе ён пражывае. Каб правесці ператрус, выклікалі гаспадыню, і забралі аргтэхніку без ведама ўладальніка.

Сяргей Серабро быў вымушаны звярнуцца ў абласную пракуратуру, паколькі канфіскацыю маёмасці лічыць незаконнай. 25 студзеня яму патэлефанавала следчая Аксана Муравіцкая, якая вядзе справу Сяргея Каваленкі, і прапанавала вярнуць рэчы. Сяргей Серабро адзначае, што з выгляду іх нібыта ніхто не чапаў і не даследаваў - усе пячаткі, датаваныя 13-м студзеня, засталіся некранутымі.

Ад Муравіцкай журналіст атрымаў і позву на допыт: у панядзелак 1-га лютага ён павінен распавесці следчай па справе Сяргея Каваленкі, каму належыць тэхніка, якая знаходзілася ў яго кватэры.

Сяргей Серабро лічыць, што сістэмныя блокі і фотаапарат былі канфіскаваныя падчас ператруса не толькі таму, што міліцыянты хацелі ўважліва разгледзець фатаграфіі плошчы і бел-чырвона-белага сцяга на ёлцы. Ён не выключае, што супрацоўнікі міліцыі імкнуліся такім чынам яшчэ і паралізаваць абнаўленне сайта «Народныя навіны Віцебска», на якім учынак Сяргея Каваленкі актыўна каментаваўся наведнікамі, а таксама з'яўляліся апошнія звесткі пра лёс апазіцыянера, супраць якога ўзбудзілі крымінальную справу.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Аднак 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках