16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Серабро: «Ператрус у маёй кватэры ў маю адсутнасць – незаконны»

3

Віцебскі журналіст збіраецца абскардзіць незаконны ператрус і канфіскацыю яго асабістых рэчаў у пракуратуры.

У інтэрв'ю прэс-службе БАЖ рэдактар інтэрнэт-газеты «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро пракаментаваў ператрус, які адбыўся ў арандаванай ім кватэры 13 студзеня.

Па словах Сяргея Серабро, ён вярнуўся дадому ўвечары 13 студзеня пасля ператрусу. Агледзеўшы свае рэчы, журналіст заўважыў, што зніклі сістэмныя блокі ад двух кампутараў, чатыры старыя вінчэстэры, лічбавы фотаапарат-«мыльніца», торбачка для СD, штодзённік і флэш-карта на 8 мегабайт.

Супрацоўнікі міліцыі пакінулі копію пратакола, падпісанага гаспадыняй кватэры і панятымі – суседзямі. Паводле пратаколу, ператрусам кіраваў палкоўнік міліцыі Аўчыннікаў.

«Хто даў дазвол на ператрус, з дакумента не вынікае – там толькі пазначана, што ён праводзіцца паводле санкцыі, выдадзенай 13 студзеня 2010 года», -- распавёў Сяргей Серабро.

Журналіст лічыць, што ператрус яго кватэры звязаны са «справай Сяргея Каваленкі», які вывесіў 7 студзеня на вешаліне галоўнай навагодняй ёлкі Віцебска бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. Гэты сцяг, які правісеў 15 хвілінаў, сфатаграфаваў Сяргей Серабро, і яго здымкі хутка разыйшліся па інтэрнэт-рэсурсах і СМІ.

Самі супрацоўнікі міліцыі закраналі гэтую тэму ў гутарцы з гаспадыняй кватэры, а потым і з лідэрам віцебскага аддзялення Партыі БНФ Кастусем Смолікавым, які, на просьбу Сяргея Серабро, прыехаў на яго кватэру адразу ж пасля ператруса.

«Магчыма, у іх не хапае нейкіх доказаў, каб перадаць у суд справу Каваленкі менавіта па тым артыкуле, які яму кваліфікавалі – што гэтая акцыя нібыта была праведзеная групай асобаў. Можа, яны мяне нейкім чынам хочуць прывязаць да гэтай справы», -- лічыць Серабро.

Журналіст не выключае, што будзе абскарджваць дзеянні міліцыі ў пракуратуры. «На мой погляд, такі ператрус і канфіскацыя маіх рэчаў у маю адсутнасць незаконныя», -- лічыць Сяргей Серабро.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Аднак 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках