25 снежня 2024, Серада, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы дайшлі да жабрацтва і не давяраюць уладзе

37
Беларусы дайшлі да жабрацтва і не давяраюць уладзе

Эканамічны крызіс стаў праблемай нумар адзін для большасці беларусаў.

Недавер да ўлады расце. Людзі лічаць, што рэжым Лукашэнкі не здольны адолець цяжкую сітуацыю і абараняе толькі інтэрасы чыноўнікаў.

Такія дадзеныя апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у снежні 2009 года (апытана 1514 чалавек, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3 адсоткаў).

Так, 81.3% апытаных лічаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, для 52.4% 2009 год апынуўся цяжэй за 2008 год (лягчэй толькі для 7.6%), прычым для 41.8% крызіс «адбіваецца самым сур'ёзным чынам на паўсядзённым жыцці сям'і» (практычна не адбіваецца толькі для 10.8%).

Напрыклад, 28.7% на працягу апошніх 12 месяцаў сутыкаліся з затрымкай выплаты зарплаты ці пенсіі (прычым 19% – некалькі разоў ці штомесяц), ад 54% да 61% рэспандэнтаў за гэты ж перыяд прыходзілася адкладаць набыццё ці скарачаць выдаткі на набыццё вопраткі, тэлевізара ці кампутара, паездку падчас адпачынку.

Сярод праблемаў, якія найбольш востра стаяць зараз перад нашай краінай і яе грамадзянамі, амаль 80% назвалі рост коштаў, 42.6% – давядзенне да жабрацтва насельніцтва, 39.5% – беспрацоўе, 34.4% – спад вытворчасці, 25.5% – карупцыю, хабарніцтва. Крызіс выявіў і фундаментальныя змены, якія адбыліся ў структуры беларускага грамадства за апошняе дзесяцігоддзе: на думку амаль 40% апытаных ад крызісу ў Беларусі мацней за іншых пацярпелі бедныя і маламаёмасныя, г. зн. тыя самыя «простыя людзі», якія калісьці былі надзеяй і апорай Аляксандра Лукашэнкі (толькі 3.3% сказалі, што мацней за іншых пацярпелі працаўнікі ўладных інстытутаў, чыноўнікі).

Нядзіўна, што значна больш беларусаў лічаць, што больш паспяхова вядуць барацьбу з эканамічным крызісам у іншых краінах, чым у Беларусі (42.1% vs. 30.4%), а тое, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, у значнай ці поўнай меры лічаць вынікам эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны апошніх гадоў звыш за палову насельніцтва (51.6%). Таму, нягледзячы на бадзёрыя запэўніванні ўладаў, звыш за палову насельніцтва (51.5 %) чакаюць заканчэння крызісу не раней, чым праз год (а амаль чвэрць – пасля 2011 года).

Пачуццё парушанай сацыяльнай справядлівасці, якое ўсё больш абвастраецца ( «цяперашняя ўлада выяўляе інтэрасы чыноўнікаў і бюракратаў» ), набывае ўсё больш прыкметны палітычны аспект – усё большая колькасць грамадзянаў адчуваюць сябе «у баку». Так, ва ўяўленні амаль паловы насельніцтва (47.9 %) паняцце дэмакратыі, як і ў большасці краінаў свету, звязваецца, перш за ўсё, са справядлівай сістэмай кіравання дзяржавай з роўным удзелам усіх грамадзянаў (толькі 17.2% згодныя з тым, што гэта «пустая балбатня, дэмагогія»). Аднак на пытанне: «Які ўплыў Вы можаце аказваць на тое, што адбываецца ў мікрараёне, на сваёй вуліцы?» 51.8% сумленна адказалі «ніякага», 62.7% не аказваюць ніякага ўплыву ў сваім горадзе (раёне, сяле), а 72.7% – у краіне ў цэлым.

Параўнаўчы аналіз паказвае, што пачуццё «лішніх людзей» няўхільна распаўсюджваецца па ўсім грамадстве: калі ў траўні 2005 г. 54.5% рэспандэнтаў лічылі, што «людзі, як я, не могуць уплываць на тое, якія рашэнні прымаюць у нашай краіне органы ўлады», дык цяпер такіх ужо 71.9%, калі тады 32.4% лічылі, што «людзі, як я, не могуць свабодна выказваць свае палітычныя погляды», дык цяпер такіх 45.4%, калі тады 33.1% лічылі, што «людзі, як я, зусім не могуць уплываць на тое, як складаецца іх жыццё», дык цяпер такіх 44.1%.

Не дзіва, што большасць апытаных (43.6%) не лічаць, што нядаўнія змены ў выбарчым заканадаўстве падвысяць узровень дэмакратычнасці выбараў у Беларусі (згодныя з гэтым толькі 29.8%). Разрыў, які павялічваецца паміж уладай і народам, напэўна, тлумачыць крытычныя настроі людзей і па пытаннях, далёкіх ад «высокай палітыкі». Так, амаль тры чвэрці апытаных (74 %) лічаць, што ўлады дзейнічалі цалкам неэфектыўна ці недастаткова эфектыўна падчас восеньскай эпідэміі свінога грыпу (не змаглі арганізаваць эфектыўнае лячэнне, забеспячэнне лекамі і засцерагальнымі сродкамі, хавалі інфармацыю пра рэальныя маштабы эпідэміі і тым самым спарадзілі паніку сярод насельніцтва).

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках